CBEM - Дзіўны новы свет (7)
Дзіўны новы свет (7)
Пацучыха напоўніла вядзерца з нержавейкі недзе напалову кормам для ягад і ўпакавала некалькі кансерваў. Потым Сафія абвязала Крумкача пяньковай вяроўкай, і павяла яго за сабой, як асла.
Такім чынам, Крумкач паспяхова пакінуў Ягадную Загарадзь і ўвайшоў у раён гета пацукалюдаў.
Тэрыторыі пацукалюдаў былі вытрыманыя ў адным стылі з Загараддзю: і высокатэхналагічныя, і лядашчыя.
Дзеля таго, каб упіхнуць гіганцкую папуляцыю пацукоў на абмежаваную тэрыторыю, была пабудаваная складаная трохмерная прастора, і мудрагелістыя канструкцыі будынкаў паражалі чужынцаў. Але пры гэтым паўсюль на вуліцах можна было прыкмеціць выбітыя вокны і дзверы ды кепска падлучанае асвятленне. Пацукі самі жылі ў будынках, нічым не адрозных ад куратнікаў, і ўмовы іх пражывання былі не на шмат лепей, чым у іхняй скаціны.
Шматлікія робаты бесперапынна рухаліся, але сярод іх амаль не было цалкам цэлых, і кожны робат быў стракаты ад іржы. У кутках гарамі былі зваленыя мноства стальных парэштак. Час ад часу на іхніх галовах міргалі індыкатарныя лямпачкі, сведчачы пра бесперапынныя спробы паўстаць з мёртвых.
На адлегласці невядома па якіх законах фізікі лунаў у паветры нейкі тунэль. На яго знешнім баку быў высокатэхналагічны выгнуты дысплэй, на якім круціліся рэкламныя ролікі пра “Перадавыя тэхнікі гадоўлі ягад”. Крумкач прыпадняўся на дыбачкі, каб крышку паглядзець у далячынь скрозь прасветы ў будынках. Тая “Аўтаматызаваная абсалютна санітарна-гігіянічная” ягадная загароджа з рэкламнага роліку была надзвычай чароўнай, і не мела нічога агульнага са знаёмай яму.
Крумкач таксама пабачыў, як міма пранёсся беласнежны высакахуткасны цягнік, нешта цягнучы за сабой, і па грубых прыкідках, ён рухаўся з хуткасцю звыш трохсот кіламетраў у гадзіну. Між тым, на пацучынай няроўнай маленькай вулачцы, лысаваты пацук на рыпучым ровары прасунуўся міма і плюнуў на зямлю.
Пацучыная жывёлагадоўля была вельмі добра развітая, і за дзесяціхвілінны шлях Крумкач пабачыў кучу “Ягадных Згараддзей”. Дзе-нідзе таксама можна было сустрэць мужчынаў і жанчынаў узорнай знешнасці – то мусілі быць племянныя самцы і самкі – нібыта каровы ці коні прывязаных да абочыны дарогі. Яны елі ягадны корм з рук, не падымаючы галоў.
Прыдарожныя сметнікі былі настолькі набітыя, што хутка званітуюць, а з-пад іх выцякаў суп з пратухлай гародніны. Збіраліся па групках прусакі і пацукі – сапраўдныя пацукі, тыя, што не ўмеюць размаўляць і памерам з далонь, і настолькі тлустыя, што нават не маглі хутка бегчы.
Крумкач не вельмі здзівіўся: варта яму было ўпершыню пачаставаць ягаднага корму са смакам ялавічыны, як ён зразумеў, што звералюды і сапраўдныя жывёлы могуць суіснаваць побач.
Маленькі пацук выскокнуў і ўдарыўся аб нагу міс Сафіі. Вялікая пацучыная спадарыня адразу спынілася, прапускаючы маленькага сабрата наперад, і набожна памалілася:
– Святы дух, блаславі мяне, калі ласка, каб я паспяхова абараніла дысертацыю і каб Крумкача перадалі пакупніку без усялякіх здарэнняў і хвароб.
Крумкач адразу ўсвядоміў: пацукі – гэта “Святыя Духі” пацукалюдаў, сімвал шчасця і выконвання жаданняў, нешта накшталт знічак і чатырохлістай канюшыны!
Тады ён узяў прыклад з рухаў Сафіі і маўкліва загадаў жаданне: Святы Дух, не сяры ў маю ежу.
Містар і міс належалі да клану Шэрых Пацукоў, які ў гэтым месцы лічыўся заможным, і жылі ў прыстойным шматпавярховым доме. Галоўны ўваход у будынак выходзіў да галоўнай дарогі паселішча пацукалюдаў – у гэтым прыстанку пацукоў, прыгожым толькі звонку, адная галоўная дарога была чыстая ды роўная, а святлафоры там на скрыжаванні свяцілі вельмі ўрачыста і калі нехта хацеў перайсці на іншы бок дарогі, трэба было пачакаць цэлую хвіліну.
Чакаючы на чырвоным святле, Крумкач ад нуды глядзеў па баках, як раптам, у нейкай машыны апусцілася вакенца, і ўладальнік высунуўся падыхаць. З машыны данёсся гук радыё, і гэта, на самой справе, быў “чалавечы голас”.
Жаночы голас з правільнай дыкцыяй размерана вяшчаў: “... Паведамляюць, што мінулай ноччу быў абрабаваны замак лорда, сума маёмасных страт можа дасягнуць некалькіх мільёнаў. Сярод скрадзеных рэчаў былі таксама і важныя асабістыя рэчы Яго Яснавельможнасці…”
Гэты кіроўца магчыма быў глухаваты, бо радыё крычала неймаверна громка, яно аглушала кожнага прахожага пацука і прасочвалася ў кожную машыну ў чарзе.
– Нават замак лорда можна абрабаваць, гэтае праклятае месца сапраўды безнадзейна, – заклапацілася пра лёс краіны і народа міс Сафія.
Раскрылася вакно на будынку ўздоўж дарогі, і пацук у начным каўпаку высунуўся вонкі з лаянкай:
– Кот з трансляцыяй, каб ты здох!
– Яшчэ невядома, што менавіта страчана, сказалі “важныя асабістыя рэчы” лорда – гэта што яшчэ за халера? – абмяркоўвалі замаркочаныя прахожыя пацукі.
– Мусіць быць нешта ганебнае, а то б у навінах сказалі бы наўпрост, не можа ж быць, што скралі лордавы майткі?
– Што ганебнага ў майтках? Па-мойму, гэта фота і відэа дарагога лордава “стручка”... Чырвоны зноў зламаўся, так? Чаму так доўга?
Гэта крыху груба, хіба прапажай не можа быць маленечкі кавалак мазгоў?
У машыне, разбуджаны дыскусіяй пацук стомлена міргнуў, крыху паслухаў, і больш не вытрымаў. Ён нахіліў галаву, з якой выпала пасма сівых валасоў і прызямлілася на каўнер.
“Бюро Бяспекі нашага гораду прыдае гэту вялікую важнасць. Шэрыф асабіста з'явіўся на месца здарэння. Адпаведныя крыніцы паведамляюць, што расследаванне ўжо дасягнула сур'ёзнага прагрэсу, асоба і магчымае месцазнаходжанне падазронага былі высветленыя…”
– Біп-біп...
Святлафор нарэшце змяніў колер, нецярплівы кіроўца націснуў на пранізлівы гудок, патарапліваючы папярэднюю машыну, і выпадковы форум ля дарогі разышоўся ў розныя бакі.
Крумкач сціпла пайшоў па тратуары за спадарыняй, міма ў той жа паласы руху праязджалі машыны, вывяргаючы выхлапныя газы.
“Ха?” – ён злавіў нешта на перыферыі зроку. – “Мне здаецца, ці некаторыя машыны большыя за астатнія?”
Ён ужо збіраўся павярнуць галаву паглядзець паўважлівей, але тая машына ўжо знікла за вуглом вуліцы.
– Давай вернемся дадому, – міс Сафія падцягнула яго, – хопіць глядзець па баках.
Клан містара і міс быў вельмі працвітаючым, яны займалі цэлы паверх.
Ледзьве яны выйшлі з ліфта, як аднекуль выскокнула ватага шчуранят, гуляючыхся ў вайнушку, і той, хто граў ролю танка, урэзаўся ў міс Сафію. Пад пранізлівы крык нястрымнага гневу міс, маленькае вядзерца з ягадным кормам павалілася на падлогу, і пяньковая вяроўка таксама выпала з рук.
“Танк” паслізнуўся, і ўпаў наўпрост пад крумкачовыя ногі, сустрэўшыся позіркам з гледзячым уніз Крумкачом.
Пад ракурсам, дзе яго ніхто не бачыў, Крумкач скрывіў “Танку” правакацыйную грымаску.
“Танк” утаропіўся на яго сваймі маленькімі вочкамі.
У наступны момант, Крумкач пабег.
“Танк” імгненна паклікаў сваіх сяброў, і дзве арміі, што спачатку ваявалі адна з адной, адразу сфарміравалі адзіны фронт, і шчураняты кінуліся за ім следам.
– Ён уцякае! Лавіце яго!
Крумкач насіўся ўзад-уперад па цесным будынку пацукалюдаў. Вышыні мясцовых столяў, на шчыры погляд Крумкача, не даставала, і каб абараніць сваю галаву ад стукання аб столь, ён падхапіў пустое вядро і надзеў яго на галаву.
Раздаўся моцны шум, і ў адно імгненне, Крумкач узмахам сваёй “жалезнай галавы” разбіў тры лямпачкі і два пажарных апавяшчальніка. У рэшце рэшт, сярод рову містара Чарльза, кожны з ватагі пацучыных дзетак атрымаў па аплявусе, у ашаломленага Крумкача адабралі яго "жалезны шалом" і ўцягнулі яго самога ў пакой міс Сафіі.
– Які кашмар. Мей мы менш дзяцей, хто ведае, мо, мы бы пераехалі на паверхню раней, – скардзілася Сафія, выцягваючы з-пад ложку плюшавае гняздо, знешне падобнае на нешта сярэдняе паміж крэслам-мяшком і сабачай ляжанкай, вельмі старое, з прамятай ямкай ад сядзення пасярэдзіне. – Давай лажыся… Не зможаш? Вось сапраўды праблемны, чаму ты такі высокі?
Пад сілай міс пацучыхі Крумкач плюхнуўся на плюшавае гняздо і яго ногі апусціліся на пол. Было пачуццё, быццам столь пачала вярцецца.
Міс Сафія паспрабавала накарміць яго і напаіць, але Крумкача ледзьве не званітавала ад паху кансерваў, і ён схаваўся ў кутку. Рэчы ў кутку патыхалі таннасцю, што пахла прыемней за кансерву, таму Крумкач наспех згроб іх у абдымкі і зарыўся ў іх тварам.
Міс Сафія:
– Гэта ж мае водарнічкі[1]…
Міс збіралася вучыцца на паверхні і не хацела, каб ад яе чулі смурод каналізацыі, таму падрыхтавала шмат духмяных свечак.
– Аддай… Ай, не катайся па зямлі, іх нельга есці! О, Нябёсы!
Міс была ўшчэнт замучанай даўганогім дурням, і нарэшце выйшла з сябе. Яна акружыла Крумкача водарнічкамі, абы яго супакоіць.
– Булачка была куды паслухмяней за цябе, – міс прысела на кукішкі і ўздыхнула. Потым выняла з кішэні спадніцы губны гармонік і памахала ім Крумкачу: – Хочаш паслухаць?
Крумкач закрыў вочы і ўсёй мовай целу адмовіўся ад мастацтва пацукалюдаў.
Міс Сафія:
– Добра! Я нічога не магу з табой зрабіць, а ты яшчэ і песню замаўляеш. Тады я зграю табе нешта спакойнае для сну. У кнігах гаворыцца, што такая музыка можа аблегчыць ягадныя хваробы.
Крумкач:
– ...
Гэтак званая “Паверхневая Школа” сапраўды ўводзіць юнае пакаленне ў зман. Вывучаныя ёй “Спецыялісты па ягадах” нават не могуць прачытаць ягадавы выраз твару.
Потым меладычна заграў губны гармонік.
Імгненнем пасля, Крумкач ціха расплюшчыў вочы.
Магчыма, дзякуючы яе вытыркнутаму ад прыроды роту, міс Сафія мела вельмі высокі ўзровень валодання грой на гармоніку. Хаця Крумкач не быў “аматарам[2]”, але ўсё роўна змог адчуць у мелодыі засмучаную горач разлукі.
Раптам, у яго пустой галаве мільгнула некалькі выяў. Час, месца і асобы былі няяснымі, ён мог толькі смутна прыгадаць, што кудысьці сыходзіць. Прайшоўшы некалькі крокаў, ён азірнуўся і пабачыў недалёка туманны сілуэт, што стаяў, прасочваючы яго позіркам.
Ён памахаў сілуэту рукой, прайшоў спінай наперад некалькі крокаў, і прамармытаў напаўжартліва: “Да пабачэння, мама, сёння вечарам я адплываю ў далёкі шлях[3]”, але пра сябе ён ведаў, што не будзе ніякага “пабачэння”.
Пад гукі гармоніку, Крумкач глядзеў на нізкую столь, цікавячыся, хто яго праважаў і хто такі ён сам.
“Мама”... Хіба яго родная маці не Графіня? Хаця твару той фігуры было не разабраць, але целаскладам той чалавек не паходзіў на жанчыну... Хто гэта мог быць?
Гармонік заціх, і міс працягнула да яго сваю востренькую пысачку:
– Аб чым думае Крумкач?
Крумкач сабраў свае вандроўныя думкі назад, звярнуў увагу да бягучага моманту і пачаў зандзіраваць глебу:
– Бу...лачка.
Міс крыху аслупянела, а потым зразумела:
– Я зразумела. Булачка заўсёды раней грала табе на гармоніку, так? Гэта я яе навучыла.
Крумкач павярнуўся паглядзець на яе, а міс расчаравана працягнула:
– Яна такая жа прыгожая, як і ты, я расціла яе тут з ейнага маленству, навучыла і спяваць, і граць на гармоніку. Пазней, калі я пайшла ў школу, я адаслала яе назад на ферму... Цяпер, калі б я пра яе не думала, мне яе так шкада.
А, “шкада”.
Пацучыная спадарыня любоўна пагладзіла Крумкача сваймі пухнатымі лапкамі па валасах:
– Дурненькі, ты гэтага не разумееш, так? Цябе ўсё яшчэ лёгка гадаваць.
Крумкач адчуваў, што ўсё-ткі трошкі кой-чаго зразумеў, напрыклад, што працягласць жыцця пацукалюдаў куды даўжэйшая за ягадную.
Міс:
– Гэта быў першы раз, калі я гадавала ягаду. Раней я канцэнтравалася толькі на забаўках і выпадкова навучыла яе розным рэчам. Мінулым годам я вярнулася на вакацыі, і, калі пабачыла, што яна вось-вось народзіць, вырашыла ўзяць яе да сябе, каб яна некалькі дзён атрымала асаблівы клопат. Яна тады выпадкова пагартала мастацкія альбомы, а я не звярнула на гэта ўвагі. Эх, адкуль мне было ведаць, што мозг ягады так лёгка “пераядае”?..
То бок, перад сваёй смерцю, Булачка жыла нейкі час у пацучай норцы міс Сафіі. Дык што жа здарылася ў гэты перыяд...
У гэты час дзверы да пацучынай спадарыні нечакана рашчыліліся, і містар Чарльз прасунуў галаву ўнутар:
– Сафія, пойдзем хутчэй! Свінні прышлі гандляваць!
Смутак міс перарвалі і яна бездапаможна абярнулася:
– Дзядзя, колькі раз мне табе гаварыць, што тавары свіней незаконныя...
Вялікі містар быў у гэтым аспекце вельмі блізкі да простага народу. Ён, як і мэтавая аўдыторыя біялагічна актыўных дабавак для пажылых усяго свету, шчыра верыў, што менавіта ён – той самы “выбранец нябёсаў”, які можа ў любы час збіць цану.
Містар:
– Ерунда, як яшчэ можна скарыстацца выпадкам і зрабіць добрую здзелку?
Міс сваім прыкладам пацвердзіла, што пацукалюды таксама ўмеюць закочваць вочы.
– Гэтым разам яны прывезлі добрыя рэчы. Я ўпэўнены, ты ніколі такога не бачыла на сваёй паверхні!
– Пачакай, я замкну дзверы, а то ягада зноўку збяжыць!
– Ай-я, давай хутчэй!
Містар плаўна пасунуўся ўбок, дазволіўшы і міс Сафіі, і ейнаму капелюшы, прайсці.
Дзверы замкнуліся з грохатам, але Крумкач не спяшаўся. Паляжаўшы трошкі, ён падкапіў крыху сілаў, і павольна ўзняўся.
Першай справай ён узяў водарнічку і зрабіў некалькі колаў па пакоі пацучынай спадарыні. Ён адкрыў спадарын гель для поўсці, лак для кіпцюроў і мінібар, панюхаў, скінуў усё ў кіпу, і пайшоў даследваць кніжную шафу. Ніжняя палова шафы была замкнёная, а на самым версе быў рад адкрытых палічак, на якіх стаялі некалькі састарэлых дзіцячых кніжак з малюнкамі.
З дапамогай святла свечкі, Крумкач патраціў нейкі час, гартаючы кніжкі з пачатку да канца. Некаторыя месцы былі ўжо зачытанымі да дзірак і на старонках засталіся выразныя адпячаткі пальцаў. Чалавечых пальцаў.
Ён уздыхнуў, трымаючы кніжку, перагарнуўшы яе на ўрок па месяцах і датах, і абагульняючы гэтую інфармацыю з лічбамі, вывучанымі раней ад кансервавых сяброў, ён даследваў каляндар на сцяне.
Каляндар быў ужо перагорнуты на дзясяты месяц, — пацукалюды круглы год пражывалі пад зямлёй, не бачачы белага святла, але чамусьці раптам выкарыстоўвалі сонечны каляндар, і таксама мелі па сем дзён на тыдні.
Што яшчэ больш дзіўна, дык гэта тое, што гэты каляндар пачынаўся з адзінаццатага месяцу, а дзясяты быў апошнім месяцам у гаду.
Крумкач збянтэжана пераправерыў гэта некалькі разоў, што пад першымі днямі адзінаццатага месяцу дакладна было надрукавана "навагоднія вакацыі".
Што за хіба? Няўжо змяніць назву "адзінаццатага месяца" на "першы" – незаконна?
Праз недахоп інфармацыі, ён быў вымушаны адкласці свае сумненні на потым.
Большасць старонак у календары былі новымі, толькі старонкі адзінаццатага і пятага месяцу былі пакрытыя пылам. Выглядала, што міс Сафія жыла пры "паверхневай" школе, і мела вакацыі двойчы на год – у сярэдзіне і напрыканцы году.
Падчас кароткіх вакацый, яна ўзяла сваю ранейшую гадаванку з Ягаднай Загараддзю на пагуляць… Паклапацілася некалькі дзён, а потым нейкім днём забылася замкнуць дзверы і Булачка цішком выбегла вонкі.
Вядома, што Булачка з дзяцінства была гадаванкай міс Сафіі, і расла так шмат гадоў. Гучыць, быццам яна заўсёды была вельмі задаволенай сваім становішчам, дык чаму яна ў той раз збегла?
Сафія ніколі раней не забывала замкнуць дзверы? Або Булачка тады нешта пачула… пабачыла?
Позірк Крумкача ўпаў на адзінае ў пакоі акенца.
Пацукалюдзі не мелі высокіх патрабаванняў да асвятлення і вентыляцыі, і вокны былі вельмі маленькімі. Акенца ў пакоі міс выходзіла на заднія дзверы будынку. З вакна можна было пабачыць, апроч прыціснутых з адзін да аднаго развалюх, вузкую сцежачку ад задніх дзвярэй – у гета пацукалюдаў было шмат падобных сцежак, не шырэй за талію містара Чарльза, разлічаных толькі на аднаго пацука.
Адзін канец гэтай сцежкі мусіць весці да Ягаднай Загараддзі, а другі – невядома куды.
Крумкач пачакаў крыху, абапёршыся на падваконнік, але ніводны пацук так і не прайшоў па сцежцы. Такое чаканне не было карысным, таму ён вырашыў зрабіць нешта адпаведнае сваёй асобе як разумова адсталага.
Крумкач садраў спадарын абрус, навалачку і прасціну. Ён звязаў з абруса мяшок, і павесіў яго на плечы як заплечнік. Навалачку ён абярнуў вакол патыліцы і завязаў пад носам, абярнуўшы доўгія валасы, каб яны не заміналі. Апошняй ён накінуў прасціну на плечы як плашч, і ўстрахнуў ім з гукам "вхуш", адчуваючы сябе такім жа прывабным, як шальмаваты кот.
У гэты час, са скрыпам расчыніліся дзверы, некалькі пацучанят прасунулі свае галовы ўнутар – дзеці клану Шэрых Пацукоў, бадай, ведалі, што дарослых няма дома, таму яны сцягнулі ключы, каб паглядзець на ягаду.
Крумкач: Ай-ё, як захацеў прылегчы спаць, а тут і падушка.[4]
У мігатлівым святле свечак, Крумкач павольна расплыўся ў загадкавай пасмешцы.
Пацучаняты:
– Ваў!
А пасля ў іх кінулі падушкай.
[1] За нейменнем прыгожага аналагу “араматычнай свечкі” адным словам, сумесным абмяркаваннем было прыдуманае слова “водарнічка”. Прэтэнзіі не прымаюцца.
[2] Тут выкарыстоўваецца слова 知音 [zhīyīn], якое адначасова азначае і “аматар музыкі”, і “соўлмэйт, блізкі сябар”. Наўрад ці гэта грае значную ролю ў разуменні падзей, але нельга не адзначыць.
[3] 再见了妈妈,今晚我就要远航 – “Да пабачэння, мама, я адплываю ў далёкі шлях” – гэта радок з песні “Лунны Карабель” (月亮船) серыяла “Шчаслівая зорка” (快乐星球) – дзіцячай навукова-фантастычнай драмы, якая пачала выходзіць у 2002 годзе. Фраза “Да пабачэння, мама, я адплываю ў далёкі шлях” не толькі часта згадваецца на працягу серыялу, але і стала класічным мемам у кітайскім інтэрнеце.
[4] Накшталт “мы пра цыганку, а яна на ганку”.
Comments
Post a Comment