CBEM - Дзіўны новы свет (8)

 

Папярэдняя глава

Змест

Наступная глава

Дзіўны новы свет (8)

 

Падземны горад поўніўся жыццём, а бедныя слаі насельніцтва жылі дружна і весела.

 

На паверхні сонца садзілася і ўставала як звычайна. Старажытны замак быў падобны да маўклівага звера, з учорашняй кроўю на пакрытых імхом шчылінах паміж зубамі.

 

На тры кіламетры вакол замку ўжо было ўведзенае ваеннае становішча, "Група па расследаванні надзвычайных інцыдэнтаў" галоўнага бюро бяспекі… Скарочана – "Надзвычайная следчая група" цалкам узяла на сябе кіраванне ў замку лорда, і ўсе, ад аканома да садоўніка і ахоўніка, былі затрыманыя для допыту.

 

У штаце следчай групы было трыццаць шэсць дэтэктываў, і парадкавы нумар дакладна адлюстроўваў статус кожнага з іх. Наколькі сур'ёзная тут сістэма стажу і старшынства? Калі коратка, папярэдні нумар – быццам як бацька наступнага.

 

"№36" быў самым малодшым ва ўсёй групе, дэтэктывам з самым малым працоўным досведам. Перад ім было трыццаць пяць папярэднікаў, уключаючы яго бацьку, дзеда, прабабку... і г.д., якія ўсе маглі камандаваць ім. Ён кожны дзень толькі і рабіў, што перадаваў паведамленні, бегаў па загадах і капіраваў дакументы. Час ад часу ён быў настолькі заняты, што нават не меў часу разабрацца, што за справу яны вядуць.

 

Аднак гэтым разам №36 не мог дазволіць сабе не ведаць, што адбываецца. Першая асоба ў галоўным бюро бяспекі, Першы шэрыф, асабіста курыруе гэту справу, і ўсе прысутныя былі пад загадам аб неразгалошванні.

 

Замак не абрабоўвалі, месца мела забойства, а пацярпелым быў сам лорд.

 

Лорд быў забіты ў сваім уласным доме. Хаця гэтая справа не была абнародаванай, але яна ўжо таемна ўзрушыла Цэнтральны ўрад сталіцы Рагавога рэгіёну.

 

№36 атрымаў загад скласці спіс асоб, хто прыходзіў і пакідаў замак за апошнія тры месяцы. Гэта была вялікая праца. Не гаворачы ўжо пра штодзённы бесперапынны паток грамадскіх дзеячаў, лорд меў больш дваццаці публічных палюбоўніц, і гэта яшчэ не лічачы выпадковых інтрыжак і таемных сувязяў... Яшчэ апроч пастаянных штатных працаўнікоў, для зніжэння расходаў, для такіх прац як праполка і кармленне гадаванцаў замак наймаў часовых працоўных.

 

№36 працаваў чуць болей за паўгады, і ён упершыню пабачыў шэрыфа ўжывую, таму ён ніяк не мог дазволіць сабе нядбайнасць. Гэты шэрыф, які зваліўся на галоўнае бюро бяспекі горада Сін’яо, быў вельмі загадкавы. Ён займаў сваю пасаду больш за год, але амаль не паказваўся ў будынку бюро бяспекі. Нават былі чуткі, што яго накіравалі зверху, каб аслабіць уладу Лорда.

 

Ва ўсёй следчай групе, толькі капітанка групы, №1, размаўляла з шэрыфам.

 

Хуткімі крокамі дасягнуўшы памяшкання часовай канферэнц-залы бюро бяспекі, дэтэктыў №36 нервова аправіў сваю вопратку перад дзвярамі, і пачуў знутры лянівы голас:

– Запісвай, забойца мужчынскага полу, адораны. У ноч злачынства, памерлы асабіста запрасіў яго ў кабінет на другім паверсе. Забойца спазняўся... Магчыма, ён звычайна ігнараваў памерлага. У выніку, памерлы, які ў той дзень наўмысна пераапрануўся, прачакаў з поўначы да змяркання. Ён усхвалявана хадзіў узад і ўперад па дыване, быў вельмі злы, і вырашыў чымсьці заняцца. Памерлы асабіста загадаў вывесці ўвесь персанал службы бяспекі з другога паверха замка і захаду сада, што роўна насупраць акна месца злачынства, тым самым стварыўшы для забойцы ідэальную прастору для забойства.

 

№36, з рукой усё яшчэ на каўнеры, слухаў у захапленні: як цудоўна, быццам ён усё гэта бачыў на свае вочы!

 

Потым, ён пачуў іх звычайна мудрую і хітрую капітанку, якая так жа, як і ён, маладасведчана ўсклікнула:

– Вы, адкуль вы гэта ведаеце?

 

Шэрыф нецярпліва кінуў:

– Не пытай ерунды.

 

– Ёсць, камандзір, выбачайце, – капітанка паслухмяна адгукнулася. – Спосаб забойцы зрабіць злачынства…

 

– Гэта талент наступальнага тыпу, які добра падыходзіць да тайных забойстваў. У дакументах ён называецца "Прывідным ценем". Адораныя гэтым талентам могуць у пэўных межах кантраляваць свой цень. Памерлага падлавілі ў момант безабароннасці і забілі адным ударам з дапамогай Прывіда, які на адлегласці абвіўся вакол яго шыі.

 

– Прывідны цень…

 

№36 пачуў, як капітанка друкуе на клавіятуры.

 

– Але, камандзір, – праз імгненне капітанка зноў з асцярожнасцю сказала, – У гэтым рэгіёне не зарэгістравана ніякіх адораных "Прывідным ценем", да таго ж, ён хаця і гучыць вельмі карысна, у рэшце рэшт усяго толькі "талент першага рангу" , а Яго Яснавяльможнасць Лорд – "Адораны другога рангу", гэта… Як мог адораны ніжэйшага рангу забіць кагосьці больш высокага? Больш таго, талент Яго Яснавяльможнасці Лорда быў…

 

Шчоўк. Шэрыф, мусіць быць, запаліў цыгарэту:

– Талент "Прывідны цень", бярэ свой пачатак з рэгіёну Спіны, і вельмі рэдка сустракаецца. На сённяшні дзень, ва ўсім рэгіёне спіны гэтым талентам валодала чатыры чалавекі, тры з якіх ужо сканалі, а чацвёрты – гэта палкоўнік Другой Ваеннай Акругі Рэгіёну Спіны.

 

 – Палкоўнік? – капітанка Надзвычайнай Следчай Групы нічога не разумела, – Перасячэнне паміж палкоўнікам і нябожчыкам у гэтай справе…

 

– Пры іх жыцці не было ніякага перасячэння, – шэрыф трымаў у зубах цыгарэту і неразборліва гаварыў: – Палкоўніка з "Ценем" тры з паловай месяцы назад забілі, як і вашага прывабнага лорда, і забойца таксама высмактаў мозг палкоўніка… Таму цяпер яны маюць яго талент.

 

Капітан унутры канферэнц-залы і №36 звонку разам застылі.

 

– Мінулым годам у восьмым месяцы, консул Рагавога рэгіёну памёр у сваім доме, прычына смерці – атручэнне. Ягонае цела было зашытае ў яйка, мозг быў скрадзены. У пачатку гэтага года суддзя трэцяга суда горада Дзіньдзуань рэгіёну Галавы памёр у гатэлі, цела запіхнулі ў касцюм мядзведзя, мозг, як і раней, адсутнічаў. У трэцім месяцы, выканаўчы дырэктар Ліліт-Авіаліній рэгіёну Бруха "ператварыўся" ў бязмозглага сабаку ў раздзявалцы басейна. У шостым месяцы, наш "Прывідны" палкоўнік страціў мозг у сваім аўтамабілі і набыў пару коткавых вушэй… Усе пералічаныя ахвяры былі "Адоранымі", талент папярэдняй ахвяры быў прычынай смерці наступнай. Выкарыстаныя забойцам таленты ўсе былі першага класа, бо гэта былі таленты кагосьці іншага, але ён сам па сабе можа не быць першым класам. Я зразумела патлумачыў, тупіца?

 

 – То бок, гэта…

 

– Міжрэгіянальны серыйны забойца, нацэлены на адораных, і праз тое, што кожны рэгіён мае незалежныя праваахоўныя органы і самаўпэўненых ідыётаў надта зашмат, таму ён забіваў увесь шлях ад Рагавога рэгіёну да Хваставога... – шэрыф рассмяяўся. – Ёлуп за дзвярамі, можа, ты ўжо войдзеш?

 

 №36 уздрыгнуў, паспешна пхнуў дзверы і ўвайшоў ўнутар:

– Ком–Командзір!

 

– Давай сюды, – шэрыф нават не зірнуў на яго, забраў з рук №36 спіс імёнаў, і прагартаў яго на неймавернай хуткасці.

 

Раптам, яго рукі спыніліся на адным з рэзюмэ.

 

Невядома, ці была гэта галюцынацыя №36, але ён, здаецца, пабачыў як з райка шэрыфу бліснула срэбная ўспышка.

– Збярыце ўсю інфармацыю на гэтага чалавека, – шэрыф выцягнуў тое рэзюмэ, і кінуў яго капітанцы. – Гэты чалавек звязаны з гэтай справай, да таго ж, ё 90% шанец, што гэта і ё забойца.

 

Капітанка рупліва падхапіла і ўглядзелася ўважлівей:

– Студэнт, які прыйшоў на падпрацоўку на вакацыях? Ён уладкаваўся на тры месяцы кармільшчыкам гадаванцаў, тэрмін прайшоў, ужо звольніўся.

 

Шэрыф з тварам поўным стомы выдыхнуў у сваю бескарысную падначаленую поўны рот дыму:

– Калі б гэты чалавек усё яшчэ быў бы ў замку, мне не трэба было бы з табой вярзці лухту, раней схапілі бы яго і вярнуліся.

 

– Тады гэты чалавек цяпер…

 

– Ён схаваўся ў Падземным Горадзе, таму я і гавару вам не папярэджваць ворага, – шэрыф яшчэ раз загадкава пераскокнуў працэс разважанняў і адразу выказаў вывады. – Цяпер, накіруй людзей ад імя лорда, звяжыся з тамашнімі галовамі групіровак, скажы, што замак згубіў тры ягады мільённага ўзроўню і некаторыя грошы і аздобы, і папрасіце іх супрацоўнічаць у расследванні. Помні, нельга дазволіць гэтым выблядкам з Падземнага гораду даведацца, што лорд памёр... О, Багіня, мне ж не трэба цябе ўсяму вучыць, га?

 

У "выблядкаў" Падземнага Гораду, пацукалюдаў якраз кіпела жыццё.

 

Пасярэдзіне іхніх тэрыторый была "плошча Росквіту", прызначаная гіганцкаму боству размнажэння. Звычайна, пацукалюды праводзілі тут ахвяраванні і агульныя крупныя зборышчы.

 

Калі не было ніякіх крупных мерапрыемстваў, пустое месца вакол статуі боства акупавалі вандроўныя латкі, таму плошча яшчэ разглядалася як месца гандлю.

 

У дадзены момант, на плошчы ўжо сталпілася немала ягадных фермераў, акружыўшы некалькіх свіналюдаў з тлустымі тварамі і вялікімі вушамі.

 

Свіналюды — "свінні", усе былі рослымі і дужымі, і гаворылі нізкім гучным голасам. Яны стаялі сярод натоўпу пацукоў, чый сярэдні рост не перабольшваў за метр пяцьдзясят, быццам група гіганцкіх бостваў, сышэйшых з нябёс. Яны зараблялі на жыццё кантрабандай ягад, вандруючы паміж рознымі раёнамі Падземнага Гораду. Гэтым разам яны прыцягнулі дзесяць машын тавараў, паставіўшы іх у радок на плошчы, даўшы пацукам-фермерам магчымасць выбіраць.

 

Калі Сафія і Чарльз прыбылі, па ўсёй плошчы ўжо разнасілася і шчабятанне, і гудзенне, са ўсіх бакоў са спрэчкамі таргаваліся.

 

Містар Чарльз энергічна выцягваў свой доўгі нос, прабіваючы крывавы шлях скрозь натоўп пацукоў, але аглядзеўшыся навокал, быў крыху расчараваны.

 

– Гэта ўсё самкі, парода таксама ўжо выйшла з моды, не лепей за народжаных у нашым уласным доме, – ён абмяркоўваў гэта з стаячым побач белым пацуком. – Хіба не гаварылі, што будзе рэдкасны добры тавар?

 

Белы пацук:

– Ты спазніўся, толькі што свінні сказалі, што добрыя тавары ёсць, але яны не прадаюцца проста так. Іх пакажуць толькі тром пакупнікам, што патрацяць сёння больш усяго грошай. Калі хочаш, яшчэ трэба перабіць стаўкі іншых кланаў. Праклятыя жырныя свінні, гэта такое ашуканства... Бачыш тую машыну? Кузаў яшчэ не адкрыты, і вакол яшчэ некалькі грузавікоў, яны сказалі што тавары там.

 

Чарльз:

– Дык што там у рэшце рэшт такое, што яны настолькі стрыманыя?

 

Белы пацук быў вельмі таямнічым:

– Гавораць, што гэта гадаванец брыльянтавага ўзроўню, B9, вышэйшы сорт.

 

– Глупства, – Сафія прытрымлівала капялюш, які амаль згубіўся ў таўкатні. – Пайшлі, дзядзя, гэта ўсё махлярства.

 

Толькі ягады, вырашчаная ў першакласных гадавальніках на паверхні, маглі ўдзельнічаць у "рэйтынгу гадаванцаў". Не згадваючы ўжо пароду, радаслоўную і характар, колер скуры і валосся таксама мусіць адпавядаць эстэтычным тэндэнцыям паверхні.

 

Гадаванцы падзяляліся на ўзроўні ад B1 да B9, і B9 быў самым высокім узроўнем.

 

– Гадаванцы вышэй за B7 каштуюць сотні тысяч за штуку, і ўсе пранумараваныя. Яны даражэйшыя за наш дом. А B9 тым болей можа сабе дазволіць толькі арыстакратыя, – начытаная міс нецярпліва растлумачвала сваім цёмным родзічам. – У нашым горадзе Сін'яо, са ўсяго гораду толькі лорд мае арыстакратычны тытул. Адкуль яны ўзялі В9? Абрабавалі замак? Ды лорд бы іх стушыў бы на мяса[1], што за лухту яны чмуцяць! Давай пойдзем дадому.

 

Чарльз не здаваўся:

– Ай, пачакаем і паглядзім, калі ўжо прышлі, дома ўсё роўна няма чаго рабіць…

 

 Сафія была вельмі раздражнёнай:

– Гэта вам няма чаго рабіць, а я яшчэ не напісала сваю дысертацыю!

 

Аднак у гэты момант, міс яшчэ не ведала, што яна ўжо не зможа напісаць сваю дысертацыю.

 

У пакоі міс, сем-восем пацучыных дзяцей, пранізліва крычучы, гналіся і біліся.

 

Пасярод хаосу, касметыка міс Сафіі была раскіданая па ўсёй падлозе, і балончыкі спрэяў каталіся па ўсіх напрамках. Адзін з шчуранят выцягнуў свае пухнатыя кіпцюры і ўчапіўся за крумкачовы плашч з прасціны. Фізічная моц гэтага аднамятровага дзіцяня была такой жа, як і ў дужага мужчыны. Крумкач ад яго цягнення захістаўся, прасціна з шэлестам звалілася з яго плячэй, і, развейваючыся, упала ў бок водарнічак у падсвечніку.

 

Крумкач "несвядома" зваліў падсвечнік, і з ватагай пацучыных дзяцей выскачыў у шчыліну дзвярэй. Ён, быццам бы ў паніцы, прабег два разы па калідоры туды і назад, заадно невядома калі прыкрыўшы дзверы ў пакой міс Сафіі.

 

Пачуўшы шум, дарослыя адразу выбеглі лавіць ягаду і лупцаваць дзяцей. А ў пустым, без адной жывой істоты, пакоі міс Сафіі, полымя са зваленага падсвечніка спачатку няспешна падпаліла шматкі прасціны, потым бязгучна прапаўзло па тканіне некалькі чы, і дапаўзло да разлітых па падлозе касметычных вадкасцяў. Гаручыя рэчывы раптам падхапілі полымя з зямлі, і яно дабралося да штораў і драўлянай шафы, дзе абхапіла кнігі і электрапрыборы.

 

Чуллівыя дэтэктары дыму паблізу былі раней разбітыя жалезным шэламам Крумкача і толькі глуха і нема абыякава назіралі з боку.

 

Пакуль…

 

“Бум!”

 

Вогненебяспечныя і выбухованебяспечныя матэрыялы, што ён нядбайна склаў разам, выбухнулі.

 

Паваліўшыя клубы густога дыму нарэшце актывавалі дэтэктары дыму на астатніх паверхах.

 

Гандаль на плошчы быў у самым разгары, калі раптам з’явілася каманда ўзброеных пацукоў у форме.

 

– Хопіць таўпіцца! Пайшлі адсюль! Разышліся!

 

Містар Чарльз быў амаль збіты натоўпам з ног:

– Які коткаў вырадак данёс?

 

– Гэта не па даносу, гэта па пажарнай трывозе.

 

У паветранай прасторы Падземнага Гораду раздалася радыёапавяшчэнне пажарнай трывогі: “Пажар на чатырнаццатым і пятнаццатым паверхах будынка Шэрых Пацукоў. Просьба навакольным жыхарам выконваць інструкцыі, не прывязвацца да маёмасці і арганізавана эвакуявацца”.

 

– А, гэта проста пажар, – супакоіўся містар Чарльз і спытаў чалавека паблізу: – Напужалі мяне досмерці... Дык дзе, радыё сказала, пажар?

 

– У будынку Шэрых Пацукоў.

 

– Шэрых... Чаго?!

 

Крумкач сагнуў калені і згорбіўся, завярнуўшыся ў навалачку і прасціну міс Сафіі. Ён змяшяўся з групай блізарукіх пацукалюдаў, і таксама “быў эвакуяваны”. А потым прыціснуўся да сцяны і праслізнуў да задніх дзвярэй будынка.

 

Заднія дзверы былі замкнутыя, але, на шчасце, гэта быў не высокатэхналагічны замок. Крумкач у асноўным аглядзеў яго, дастаў са зробленага з абрусу мяшка асадку, выцягнуў стрыжань і патыкаў у замок некалькі разоў, пакуль ён не адкрыўся.

 

Ён не мог успомніць, дзе навучыўся гэтаму навыку, ён быў крыху жорсткім, быццам ён доўга ім не карыстаўся, і рукі крыху адвыклі.

 

Ускрыўшы дзверы, “Гуру крадзежу курэй[2]”з навалачкай на галаве і прасцінай на плячах, зрабіў шырокі абыякавы крок, даследваючы вузкую сцежку.

 

Месца, куды такая “Хатняя Гадаванка” як Булачка, магла пайсці, не можа быць надта далёкім. Навакольныя пацукі былі эвакуяваны, таму Крумкач папятляў на ўсход ды захад па сцежцы, і за ўвесь шлях не сустрэў ніводнага пухнаціка.

 

У канцы, сцежка злілася з праезджай часткай дарогі.

 

Перад крумкачовымі вачыма паказаўся вялікі двор, аточаны жалезнай агароджай, а наверсе вісеў шыльдік з надпісам: “??? Росквіту”.

 

Пасярэдзіне было слова, якое не сустракалася ў дзіцячых кніжках, але балазе не складана дагадацца пра ягоны сэнс...

 

Позірк Крумкача прайшоў скрозь агароджу: ля варотаў у двор быў склад, мусіць быць халадзільны, дзверы якога былі замкнутыя і ля іх высілася стопка інкубатараў. Цэментная падлога была вільготнай, быццам яе нядаўна вымылі.

 

Пасярэдзіне двара было некалькі пультаў кіравання і жалезных стояк для інструментаў, на якіх віселі разнастайныя нажы... І стаялі рады дзіцячых галоў.

 

Крумкач знайшоў Шасцёрыка ў перадапошнім радзе.

 

Першы чалавек, з якім ён пазнаёміўся, адкрыўшы вочы і пабачыўшы гэты свет, “Маленькі браточак” гатовы адказаць на ўсе пытанні, закрыў свой бурклівы раток.

 

Тут была толькі галава, цела, напэўна, ужо разабралі і перанеслі ў халадзільны склад.

 

На дзвярным шыльдзіку, “рэдкае слова”, якому не вучылі дзіцячыя кніжкі, было “бойня”. Гэтая сцежка цягнулася ад ажыўлёнай Ягаднай Загараддзі да Бойні Росквіту.

 

У Ягаднай Загарадзі, толькі ягады найлепшай “пароды”могуць мець імя і застацца як “сродкі вытворчасці”, усе астатнія – “бройлеры”, прадукт.

 

Маленькія “бройлеры” кожны дзень захоўваюць дысцыпліну, старанна ядуць, напружана слухаюць, як машына абвяшчае параметры іх целаў, і спадзяюцца параней дасягнуць стандартаў, каб “пайсці на забой”. Потым яны з радасцю стройнымі шэрагамі йдуць на бойню, каб выканаць наканаванне свайго чалавечага... Ягаднага жыцця.

 

Што за наканаванне? Ім ніхто не гаварыў. Добрыя бройлеры мусяць больш спяваць, менш размаўляць і перастаць задавацца пытаннямі – гэтыя малечы ведалі толькі, што гэта вельмі ганаровае наканаванне.

 

А што наконт пасля таго, як ганаровая задача выканана? Таксама невядома, магчыма, яны цяпер змогуць пайсці ў нейкае добрае месца. Туды, дзе адкрываеш кран, а адтуль цячэ кансерваваны сок, і можна вольна бегаць па “вялікім двары” як самцы-апладняльнікі і самкі-вытворніцы, а яшчэ можа быць можна атрымаць імя замест нумара.

 

Яны радасна прыйшлі і збянтэжана сышлі, напэўна, нават не паспеўшы зразумець, што адбылося.

 

І вядома, не паспеўшы спужацца.

 

Крумкач не мог не задумацца: калі б яго не гадавалі як “племяннога самца” з маленства, пражыў бы ён жыццё, поўнае пачуцця доўга, і мірна спачыў бы ва ўзросце шасці-сямі гадоў?

 

“І шчаслівы ягаднік падлічае ягадкі...” – Крумкач ціхенька мурлыкаў пастаральную песеньку пацукоў, абдумваючы бесклапотнае жыццё бройлераў, і без усялякай прычыны адчуваў зайздрасць.

 

“Пяцёрка” – імя бройлера, якое значыць пятае дзіця, народжанае нейкай самкай-вытворніцай. “Пяцёрка”, пра якога клапацілася Булачка, мабыць быў народжаны момо. Ягады ў загарадзі не ведалі, што такое “мама” і “браты-сёстры”, але, як Пярлінка асабліва турбавалася аб Шасцёрыку, яны, здаецца, інстынктыўна ведалі, хто ім родны.

 

Магчыма, гэта таксама быў канец году, у чаканні родаў Булачка была забраная ў пацучынае логвішча міс Сафіяй, якая прыехала на вакацыі. Аднойчы міс выйшла, а Булачка, як звычайна, сядзела на падваконніку, чакаючы, пакуль яе гаспадыня вернецца. Аднак выпадкова пабачыла, як яе гаспадыня ў знаёмым капелюшы вядзе за сабой стайку бройлераў па сцежцы за вакном. Сярод гэтай групкі бройлерат быў і “Пяцёрка”.

 

Булачка ведала, што яны пайшлі “на забой”, і была так жа радая, як і Пярлінка. Яна магчыма была трошкі распешчанай – як і іншым бацькам, што праводзяць дзяцей да варотаў школы на пачатку вучобы, каб настаўнікі маглі правесці хатняе дзіця ў клас, – ёй раптам прыйшла ў галаву ідэя пайсці следам і правесці Пяцёрку.

 

Калі б яе злавілі, то самае большае – проста вылаялі б, што не вельмі страшна, у рэшце рэштаў яна каштоўная самка-вытворніца.

 

Нечакана, яна правяла яго да самага канца.

 

З досведам Булачкі, яна, магчыма, не змагла гэтага ўсвядоміць, і тады яна атрымала “рак мозгу” – ягадную хваробу ад шматлікіх думак.

 

Атрута, змешаная з кансервай, яшчэ не да канца пераварылася, і Крумкач адчуваў лёгкае галавакружэнне. Ён абапёрся на сцяну, прыходзячы ў сабе, перад тым, як ускрыць дзверы бойні і ўвайсці. Зрэнка ў левым воку на імгненне затуманілася, але потым вярнулася ў звычайны від.

 

Шасцёрыка і астатніх зарэзалі пад анэстэзіяй, і яны самі гэтага не зразумелі.

 

З нябожчыкамі, якія не ведалі жыцця, немагчыма ўсталяваць кантакт.

 

– Добры вечар, малыш, – Крумкач пагладзіў рэдкія сухія валаскі карапуза.

 

Хаця ён рыхтаваўся да гэтага, але ён усё роўна не мог гэтага зразумець.

 

Не сказаць, што ён думаў, што “людзі” як від настолькі высокародныя, што іх немагчыма есці, але гэта было нерацыянальна.

 

Каб вырасціць на забой курэй ці качак, патрэбна толькі адзін-два месяцы, свінні і авечкі старэюць ужо цераз год. У параўнанні, цыкл роста чалавека надта доўгі і расходы на гадоўлю таксама вельмі высокія. Да таго ж, улічваючы колькасць вады ў чалавечым целе, навошта есці гэтае мяса? Энергетычная каштоўнасць нашмат ніжэй за ялавічыну, а на смак, гавораць, нічым не лепш за бараніну. З такой вялікай нараджальнасцю, як у пацукоў, яны бы памёрлі ад голаду, калі б харчаваліся чалавечым мясам.

 

Булачка была Сафіянай гадаванкай, яна з маленства жыла ў пацучыным гняздзе. Яна не дурная. Калі б пацукі елі чалавечыну, немагчыма, каб яна за больш чым дзесяць гадоў, нічога не прыкмеціла.

 

Дык гэта хоррар-фэнтэзі версія “Той, хто апрануты ў шоўк, не той, хто вусеняў расціў[3]”?

 

У мяню пацукоў няма ягад, яны гадуюць ягад на прадажу.

 

Тады, хто і чаму плоціць высокія кошты за чалавечыну?

 

Той, хто рады марнатравіць дзеля цікаўнасці? Мажліва, але малаверагодна. Амаль кожная сям’я пацукоў гадуе ягад, а мода цікаўнасцяў хутка праходзіць, і такая масштабная вытворчасць проста не паспела бы сфармавацца.

 

          “Або нашае ягаднае мяса мае нейкі асаблівы эфект? Напрыклад, падмацоўвае... Не, паскарае рост валосся?”

 

Крумкач шпацыраваў па бойні, і вёў аднабаковую размову з Шасцёрыкам.

 

На жаль, у гэты раз ён мог гаварыць толькі сам з сабой.

 

Зрабіўшы ў думках кола, ён вярнуў стрыжань асадкі, якой узламваў замок, на месца, потым сарваў накладную бойні і перавярнуў яе на іншы бок.

 

“Да міс Сафіі,” – Крумкач рыскай за рыскай напісаў на паперы толькі запамятаваныя словы. – “Ці любіла ты калі-небудзь Булачку?”

 

Потым ён павесіў запіску збоку ад Шасцёрыка:

– Перадай паведамленне тваёй сястры.

 

У момант, калі запіска была павешана, пакінуты Булачкай кантракт знік з далоні Крумкача.

 

Змест кантракту быў толькі: “У месцы, куды Пяцёрка хадзіў апошні раз, спытай міс Сафію, ці любіла яна Булачку”. А наконт таго самаму спытаць ці пакінуць запіску, пачуе ці пабачыць пытанне міс Сафія ці не, і які будзе адказ, – няважна.

 

Так ці іначай, усе ведаюць адказ.

 

На кароткае імгненне закрыўшы вочы і паадчуваўшы ўнутры сябе, Крумкач ціха ўздыхнуў, выцягваючы з вузла з абрусу стары гармонік:

– Дзіўна, як ты даведалася, што я захапіў з сабой гармонік капялюшнай спадарыні?

 

Ён атрымаў ад Булачкі навык ігры на гармоніку.

 

Крумкач выцер гармонік прасцінай з плячэй, прамармытаў “смярдзіць як пацук”, і прыклаў яго да вуснаў.

 

Паўзгадваўшы крыху, тэорыя музыкі і адпаведная партытура з’явіліся ў яго галаве, услед за гэтым аўтаматычна ўсталявалася мышачная памяць, і прыгожыя і журботная мелодыя паляцела з гармоніку. Гэта была тая, што Сафія грала для яго.

 

Шасцёрык – усе Шасцёрыкі, з закрытымі вачыма слухалі жалобную песню па сабе.

 

Скончыўшы музыкаваць,  Крумкач схаваў гармонік і саступіў на два крокі назад, уважліва разглядваючы рады поўныя бройлераў.

 

Яго бліскучая ўсмешка невядома калі знікла, выраз твару супакоіўся. Быццам сцюдзёнай зімой заходняе сонца села, і сарваўшы ззянне апошніх перадзахадніх сонечных промняў, скалы паказалі свой сапраўдны воблік. Праступілі вонкі іхнія адвесныя скалы – гэта аказаўся твар з рэзкімі абрысамі, які нагадваў людзям мармуровую стэлу з чорнай эпітафіяй.

 

Крумкач пацалаваў кончыкі сваіх пальцаў і лягонька пакінуў імі след на ілбе Шасцёрыка.

 

– Дабранач.

 

У гэты момант, з дарогі данесся шум, і смутная вібрацыя распространялася ад зямлі. Крумкач нахіліў галаву.

 

Машына?

 

Ці грузавік.

Папярэдняя глава

Змест

Наступная глава


[1] 红烧 [hóngshāo] – тушыць мяса па-чырвонаму, у соевым соўсе з цукрам, да з’яўлення чырвонай корачкі.

[2] 偷鸡 [tōujī] – літаральна “красці курэй”, але звычайна ўвайходзіць ў склад ідыёмы 偷鸡摸狗 [tōujī mōgǒu] “красці курэй і шукаць/шчупаць сабак” – займацца мелкім крадзяжом.

[3] Радок з верша “Шаўкаводкі” эпохі дынастыі Паўночнай Сун, аўтарства Джан Ю. Так як перакладу гэтага вершу на беларускую я не знайшла, я пераклала яго сама:
"蚕妇" 张俞

昨日入城市,归来泪满巾。

遍身罗绮者,不是养蚕人。

"Шаўкаводкі" Джан Ю

Учора я ў горад йшоў

Вяртаўся са слязьмі

Той, хто апрануты ў шоўк,

Не той, хто вусеняў расціў.


Comments

Popular posts from this blog

CBEM - Пралог

Беласнежны дэман/CBEM/Pure White Devil/纯白恶魔

CBEM - Дзіўны новы свет (4)