CBEM - Дзіўны новы свет (6)


Папярэдняя глава

Змест

Наступная глава

Дзіўны новы свет (6)

Сцэна смерці Булачцы скончылася, і Крумкач, у якога ад дэфіцыту кіслароду пацямнела ў вачах, стрымана аднавіў дыханне. Так як побач была Пярлінка, таму ён пакуль што не кранаўся рукі нябожчыцы.

 

З пункту гледжання Пярлінкі, Крумкач атупела застыў на некалькі секунд, але для дурня ў атупенні няма нічога новага, яна наогул не звярнула на гэта ўвагі, яе позірк не адрываўся ад кансервавай бляшанкі.

 

Пярлінка зглынула поўны рот сліны, і звярнулася да свайго дурнога брата з клопатам, але не без схаванага намеру:

– Ты, усё гэта паеўшы, не хочаш піці? Хочаш вады?

 

Крумкач не меў іншага выбару, як вярнуць сваю ўвагу да свету жывых. Жвавая маленькая дзяўчынка глядзела на яго вачамі, поўнымі надзеі, што нават такі бессардэчны чалавек як ён не мог не ўздыхнуць: які грэх.

 

Вытворніцы з першага паверха ўжо паелі, і яна не магла пайсці з'есці яшчэ адну міску мясных кансерваў. У гэты час якраз атрымлівалі сваю ежу бройлеры, таму Крумкач падумаў пра яшчэ аднаго свайго маленькага сябра, і сказаў простай мовай, што адпавядала яго асобе як дурня:

 

– Знайдзі Шасцёрыка, разам.

 

– Шасцёрыка? – Пярлінка асалапела. – Ён сышоў учора, ты не сустрэўся з ім, калі вяртаўся? Міс Сафія забрала яго з сабой.

 

Крумкач таксама асалапеў – канешне, ён памятаў, што Шасцёрык і астатнія павіталіся з ім, калі крочылі за спадарыняй у капелюшы.

 

Так гэтыя дзеці так і не вярнуліся назад? Нават не вярнуліся нанач?

 

Сястрычка Пярлінка няправільна зразумела яго непаразуменне, і падняла абедзве рукі да галавы, каб паказаць:

 

– Са–фі–я, у яе самы прыгожы капялюш, яна найпрыгажэйшая ва ўсім горадзе, самая таленавітая спадарыня, ясная зорачка клану шэрых пацукоў, вялікая багіня губнога гармоніка, успомніў?

 

Крумкач адкінуўся назад: ну і ну, такі тытул, ён нат даўжэйшы за шэрыя пасмы на галаве спадарыні!

 

– Сапраўды, міс Сафія любіць цябе дарма, – Пярлінка кінула на яго позірк і пачала прапагандаваць яму веліч "Міс Сафіі", не спыняючыся ні на імгненне.

 

Аказваецца, капялюш пацучынай спадарыні меў вялікае значэнне, ён перадаваўся ў спадчыну ў клане шэрых пацукоў з пакалення ў пакаленне, і ён мог быць надзеты на шарсцістую галаву толькі таго, хто сваёй славай прымнажае гонар сваіх продкаў. Праз сваю настойлівасць, Сафія змагла паступіць у школу на "паверхні", і стала "Абкапялюшанай пацучыхай" свайго пакалення.

 

– Яна вучыцца на "Гадоўлі сельскагаспадарчых жывёл", гэта спецыяльнасць, як клапаціцца пра нас… А, верна, ты толькі што згадаў Шасцёрыка, – Пярлінка скончыла сваё красамоўства і зразумела, што адышла ад тэмы, таму мімаходам дадала яшчэ адну фразу: – Міс Сафія забрала Шасцёрыка і астатніх на забой, дурненькі Крумкач.

 

Тупы твар Крумкача не змяніўся, толькі крыху сціснуліся ягоныя зрэнкі.

 

Пярлінка не звярнула ўвагі і працягнула, поўная радасці:

– Шасцёрыку заўсёды не даставала вагі, ён станавіўся ўсё старэйшым, усе ўжо думалі, што ён так і не стане годным. Я тады так хвалявалася – зрэшты, хаця мы народжаныя момо, але нічым не адрозніваемся ад астатніх ягад. Гэта толькі дзякуючы справядлівай міс Сафіі, што вярнулася дадому на вакацыі і дбайна ўсё праверыла. Яна сказала, што Шасцёрык ад прыроды мецьме маленькія косткі і меншая вага – для яго якраз норма, а абхват таліі ўжо дасягнуў стандартнага, таму містар Чарльз даў асаблівы дазвол Шасцёрыку пайсці на забой.

 

Яна зрабіла паўзу, потым голасам фанаткі сказала:

– Міс Сафія найлепшая гарпакратка ў свеце!

 

Макаўка Крумкача больш не магла накрываць ягоныя сумненні: ці мае "забой" нейкае значэнне, якога ён не ведае? Няўжо гэта нешта добрае?

 

Чаму гэтае дзяўчо гаворыць такім тонам, быццам яе малодшага брата залічылі ў найлепшую пачатковую школу?

 

– Ай-я, ты не разумееш, – Пярлінка закаціла вочы, а потым павярнулася зноў да кансервавай бляшанцы: – Дарэчы… Я памятаю, ты, здаецца, не любіў мяса.

 

Крумкач:

– ...

 

Верна, ён не любіць салодкае і не любіць мяса, ён толькі любіць піць паўночна-заходні ветрык са смакам сцёкавых водаў. Гэтыя два нягоднікі сапраўды вартыя быць народжанымі ад адной маці.

 

Ён памяркоўна аддаў кансерву і дзяўчынка з каштанавымі валасамі з гукамі радасці дастала з кішэні даўно падрыхтаваную лыжку.

 

Хто б мог падумаць, што як толькі яна чарпане разок, ззаду выбухне суворы голас:

 

– Пярлінка!

 

Пярлінка ўздрыгнула і лыжка ўпала на зямлю.

 

Графіня раструшчыла нагой гэтую маленькую пластыкавую лыжачку і вылаялася:

– У цябе няма сваёй ежы, што ты клянчыш у іншых людзей?

 

Крумкач таксама спужаўся – мінулым разам, калі ён у шпіталі дзяліўся кансервай з Шасцёрыкам, Графіня нічога не гаварыла.

 

– Уставай, бессаромніца! – Графіня дала выспятка дзяўчынцы, што маўчала, быццам цыкада ўзімку. – Йдзі зрабі колы па двары, а яшчэ раз пачую, што ты чаўпеш лухту, я адрэжу твой язык.

 

Дзве старэйшыя жанчыны паспяшылі ўцягнуць Пярлінку за сабой.

 

– Йдзі хутчэй, слухайся момо.  

 

– Калі сталееш, трэба есці менш, мы не такія, як на верхніх паверхах, не можам стаць надта тоўстымі, момо робіць гэта дзеля твайго дабра.

 

Крумкач не разумеў, што за табу гэта было, але як саўдзельнік пакорна чакаў, калі яго паб'юць – сёння ранкам яго ўжо лупцавалі некалькі разоў, яшчэ трохі не зробяць розніцы.

 

Нечакана, але Графіня толькі прагнала Пярлінку і, нават не глянуўшы ў ягоны бок, павярнулася і сышла.

 

Крумкач, нахіліўшы галаву, пільна глядзеў ёй у спіну, і толькі праз нейкі час задуменна паклаў маленькую лыжачку кансервы сабе ў рот, пакаштаваў трохі і цішком выплюнуў.

 

Пасля адклаў кансерву ўбок, саступіў за вугал, і са знешняй нядбайнасцю паклаў перадплечча на свае сагнутыя калені.

 

У месцы, нябачным звычайным людзям, яго палец працяў час і прастору, жыццё і смерць і дакрануўся да Булачцы.

 

Варта яму было даткнуцца да рукі нябожчыцы, як яго накрыла хваляй яе разгубленых хаатычных пачуццяў.

 

Такая сітуацыя таксама вельмі часта сустракаецца, бо свядомасць чалавека функцыянуе не адным патокам, а кожную секунду ў ёй мільгае цэлая безліч думак.

 

Наогул, апошнія жаданні пацярпелых адносна добра вызначаюцца. Апроч “Дапамажыце”, гэта “Нават стаўшы прывідам, я цябе не адпушчу”. Аглушальныя, гіганцкія хвалі цунамі, на дзясяткі метраў вышэй звычайных думак. Думкі дзяцей, што не разабраліся ў жыцці, простыя і лёгкія, іхні паток быццам ручай з пацучыны хвост ушыркі, а апошняя думка падобная да лісця, што ўпала на ваду – не важна, як яна калышацца на паверхні, яна зразумелая з першага погляду. Думкі старых людзей, што сканалі ад старасці, мірныя і спакойныя, як рака без хваль, а апошняя воля нібы лодачка, што плавае туды-сюды.

 

Найбольш складаныя – гэта такія, як Булачка, і не сталыя, і не маленькія, якія трохі зразумелі, але не цалкам, якія маюць шмат ідэй, але так і не дадумалі іх да канца.

 

Яе перадсмяротны голас гучаў як радыё з моцнымі перашкодамі, поўны лішніх шумаў. Трэба спакойна і дбайна капаць, каб знайсці сярод іх паўторваючуюся “апошнюю волю”.

 

“Я хачу памерці”.

 

Не гэта, ты ўжо памерла.

 

“Я не скончыла кветачны кошык...”

 

Гэны? Крумкач падняў галаву зірнуць на кошык на жалезнай агароджы – нехта ўжо даплёў яго за Булачку. Калі гэта ўсё, то ён не зможа выканаць гэты загад.

 

Але ён пачакаў крыху, і гэтая думка таксама хутка затанула і больш не ўзнікала.

 

Крумкач не спяшаўся, цярпліва чакаў, пакуль усё ўсплыве вонкі. На трэцім коле атрада цяжарных жанчын па двары, ягоная маленькая замоўца нарэшце зноў паказала прыкметы актыўнасці.

 

“Сафія...”

 

Ад гэтага амаль нячутнага кліча, нага Крумкача, якой ён адтупваў рытм музыкі па радыё, перастала рухацца.

 

“Міс Сафія...”

 

Яно зноў з’явілася, Крумкач засяроджана прыслухаўся, уся ягоная інтуіцыя гаварыла, што гэта мусіць быць яно–...

 

“Ці кахала мяне міс Сафія[1]?”

 

А?

 

Рука Крумкача саслізнула з ягоных каленяў.

 

Хто? Што?

 

Здаецца, у яго быў шум у вушах, ён не пачуў выразна той дзеяслоў пасярэдзіне...

 

У гэты момант, з’явіўся чорны кантракт: “Там... У тым месцы, куды Пяцёрка хадзіў апошні раз, спытай за мяне міс Сафію, ці... Падабала яна... мяне?”

 

Крумкач: “У якім месцы?”

 

Нябожчыца не адказала, толькі паўтарыла апошнюю волю яшчэ раз, хутчэй за ўсё, яна пры жыцці не ведала, што гэта за месца, то бок гэта недзе за межамі Ягаднай Загараддзі.

 

Каб выканаць гэтае даручэнне, Крумкачу для пачатку трэба выясніць хто такі “Пяцёрка” і дзе знаходзіцца “Месца, куды ён апошні раз хадзіў”.

 

Пасля гэтага ён, слабаразумны чалавек, які не можа разабрацца ў напрамках, мусіць знайсці спосаб збегчы з Загараддзі, – чаго не змагла зрабіць нават шалёная Графіня.

 

Не гаворачы ўжо пра тое, што пасля ўцёкаў, яму яшчэ трэба прыманіць спадарыню Капялюш, нягледзячы на рызыку зламаць ягоны характар, спытаць за нябожчыцу пытанне сабачай крыві[2].

 

“Хіба гэта справа для вялікага дурня?” – ён недаверліва падумаў, – “Смех да і толькі!”

 

Затым Крумкач сціснуў руку нябожчыцы, і чорны кантракт патануў у сярэдзіне ягонай далоні.

 

Бля!

 

Перамяшаць мора нянавісці і пратнуць неба пачуццяў[3], у гэтай справе немагчыма не ўдзельнічаць.

 

Перш за ўсё, яму трэба выбрацца адсюль, а потым пабачыцца са спадарыняй Капялюш. І не важна, будзь гэта пералязанне цераз сцяну або рыццё тунэлю для ўцёкаў – усё гэта нерэалістычна. Ёсць чып, а яшчэ ён нікчэмнік, які фізічна не зможа гэта зрабіць.

 

Але не трэ баяцца праблем, рашэнняў заўсёды больш, чым складанасцяў.        

 

Да Крумкача прыйшоў энтузіязм, і ён паварочаў шыяй некалькі разоў, нібы хацеў узбоўтаць мазгавое рэчыва, што згусцілася ў камяк.

 

Ён зрабіў глыбокі ўздых, узяў тую міску мясных кансерваў, прыпомніў сабе сваю вагу цела, паказаную зранку на вагах для бройлераў, прыблізна прыкінуў, і з'еў трэць кансервы.

 

Скончыўшы, ён вытанчана выцер адзежай рот і ціхамірна ўсеўся, прыхіліўшыся да сцяны.

 

"Лепш бы мне не памыліцца з лятальнай дозай".

 

А то ён пабачыцца не з міс Сафіяй, а, бадай, хутчэй пойдзе сустрэнецца з замоўцай.

 

Такім чынам ён ніколі не даведаецца, чаму дарагая "мама" яго атруціла.

 

Ён страціў прытомнасць пад крыкі людзей, а калі зноў расплюшчыў вочы, зноў пабачыў знаёмы крывашыйны кран.

 

У гэты раз, здаецца, сноў не было, што яго крыху расчаравала, але праз імгненне да яго вярнуўся аптымізм: яму пашанцавала, і місія прайшла паспяхова.

 

Пачуўшы варушэнне, падышлі некалькі пацукалюдаў, і містар Чарльз вывергнуў слінкі радасці на твар Крумкача:

– Глядзіце, ён прачнуўся!

 

Позірк Крумкача спыніўся на капелюшы міс Сафіі, і ён расплыўся ў дурнаватай усмешцы.

 

Добры пачатак – гэта палова поспеху!

 

Калі каштоўная скаціна захварэла, найбольш адукаваная "настойлівая пацучыха" з профільнай спецыяльнасцю абавязкова прыйдзе паглядзець.

 

Апроч міс Сафіі, спадар яшчэ запрасіў некалькіх ягадных ветэрынараў на кансультацыю.

 

На трох пацукоў шэсць вачэй, гэтыя некалькі спецыялістаў вывучалі розныя напрамкі, кожны прытрымліваўся свайго меркавання, і таму яны толькі пісклява лаяліся паміж сабой.

 

Эксперт А са школы жыццёвага досведу катэгарычна заявіў:

– Са ўсімі самцамі ў вас праблемы, мне з першага погляду зразумела, што гэта дакладна ягадная пошасць!

 

Сафія з акадэмічнай школы аргументавана запярэчыла:

– У нашым ягадным загоне ўсталяваная самая перадавая супрацьэпідэмічная сістэма кіравання, гэта абсалютна немагчыма. Я думаю, можа быць праблема з партыяй корму для ягад…

 

Эксперт А пагардліва фыркнуў:

– Якая сістэма, усё гэта лухта, мне ўсё тут зразумела з першага позірку.

 

Міс саркастычна адказала:

– Вы не можаце нават разглядзець дарогі пад сваймі нагамі, але маеце востры зрок на хваробы.

Эксперт Б у старонцы, што сціскаў свае лапкі і доўгі час мармытаў сабе пад нос, у гэты час няспешна ўмяшаўся ў размову:

– Усе памыляюцца. Па-мойму, ёсць праблемы з размяшчэннем клеткі: характар мясцовасці тут надта ўвагнуты, таму тут збіраецца інь[4], ад таго першымі пакутуюць самцы.

 

– Што за лухта!

 

– Дзядзя, дзе ты знайшоў гэтага псіха?

 

– Не крычыце, не крычыце!

 

– Абмежаваныя невукі…

 

Якраз падчас гэтага хаосу, некалькі пацукоў прыбеглі з насілкамі, пранізліва вішчучы:

– Што нам рабіць з гэтым? Гэты таксама збіраецца памерці.

– Што? – містар Чарльз, што круціўся побач, павярнуў галаву паглядзець, з тварам, поўным роспачы, і завішчаў, прыпадобніўшыся карціне "Крык"[5]: – О нябёсы!

 

Крумкач, прасачыўшы за яго позіркам, пабачыў, што тым, хто нерухома ляжаў на насілках, быў "Той самец".

 

У ягадным шпіталі быў толькі адзін ложак, таму "Таго самца" маглі пакласці толькі на зямлю, дзе ён і ляжаў без адзінага варушэння, падвяргаючыся "рэанімацыі" пацукалюдаў. Яго галава зусім крыху нахілілася ў бок Крумкача, цёмна-карыя вочы сустрэліся з чорнымі.

 

Праз імгненне, зрэнкі абодвух змяніліся, у аднаго – быццам бы кветка, што раптам расцвіла ў цемры, павольна распускаючыся з бутону, у другога жа – дэфарміраваліся, праводзячы позіркам гэтае нямое жыццё, што падышло да канца свайго шляху.

 

Нягледзячы на ўсе гукавыя эфекты гармоніі электрапіл, што выдавалі пацукалюды, гэтая грандыёзная рэанімацыя ўсё роўна абярнулася правалам.

 

Містар Чарльз цяжка дыхаў, паклаўшы рукі на талію, з засмучаным выразам твару:

 

– Мае ягадкі! Мае каштоўненькія! Няўжо ўжо не было ліха, што яно пагоршала? Няўжо яно хоча майго жыцця!

 

– Дзядзька Чарльз, што нам рабіць з гэтым... трупам?

 

Чарльз з адчаем ускудлаціў лапамі сваю поўсць:

 

– Адмыйце дачыста, аддзяліце мяса ад скуры і прадайце як звычайнае мяса.

 

Міс Сафія доўга хацела нешта сказаць і нарэшце не выцерпела:

 

– Дзядзя, ён жа кульгавы, ды і мяса з гнілізнай...

 

– Гнілое выражыце, яно ж не цалкам прагніла! На кульгавую нагу скажыце, што ён упаў насмерць, – містар утаропіўся на сваю пляменніцу. – Ты не ведаеш, як падладжвацца пад сітуацыю, зусім атупела ад чытання сваіх кніжак... Хутчэй унясіце гэта, смярдзіць жах як! І не пэцкайце зноўку маю каштоўнасць!

 

І пасля гэтага, пацукалюды ўсвядомілі, што нешта пайшло не так. Іхні паслухмяны “Узорны самец” Крумкач, здаецца, атрымаў шок і адмовіўся садзейнічаць лячэнню.

 

Гэтая хворая асобіна, што здавалася бы вось-вось загнецца, знянацку ўскокнуў на нагі, загойсаў ва ўсе бакі, і пачаў у цесным шпіталі цэлую пагоню з гуртам пацукоў.

 

Крумкач быў надзвычай спрытны, быццам чорны як смоль вялікі ўюн. Незразумела чаму, але ў яго, здаецца, быў багаты досвед па ўцёках, ён вельмі ўмела ўхіляўся ўлева ды ўправа, і мог дакладна прадказваць рукі пацукоў, ствараючы вялікі гармідар. На жаль, не паспеў Крумкач нацешыцца ўволю, як адчуў рэзкі боль у сэрцы. Ён спатыкнуўся, ударыўся аб сцяну, і быў схоплены містарам Чарльзам ззаду.

 

Тады Крумкач скарыстаўся абставінамі і выпрастаў шыю, а потым пачаў канвульсіўна сутаргацца ўсім целам, ярка дэманструючы карысць ад прынамсі дзесяці год махлярскага вопыту.

 

Містар быў так напужаны, што адразу расціснуў лапы, і Крумкач скарыстаўся магчымасцю прыгнуцца і выслізнуць, і, напаўкленчыўшы да зямлі, рынуцца наперад, каб абняць вялікія шарсцістыя ногі міс.

 

За выключэннем Сафіі, Крумкач не дазваляў ніводнаму пацуку дакрануцца да сябе: калі яго хваталі, ён хаваўся, і біўся, калі не мог схавацца. Гэты вялікі малыш не разумеў ні запужванняў, ні ласцы. І да грубай сілы нельга было звярнуцца, бо ён жа мог упасці нат ад павеву ветрыку. Містар Чарльз так хутка чухаў у патыліцы, што нават поўсць на макаўцы стала радзей.

 

– Стоп! – нарэшце сказала міс, згубіўшы ўсё сваё цярпенне. – Тады я проста адвяду яго да сябе і патрымаю некалькі дзён.

 

Крумкач ціхенька выглянуў з-за поўсці на яе лапах.

 

Пацучыная спадарыня ўздыхнула:

 

– У любым выпадку мне няма чаго рабіць на вакацыях, ды і ранейшыя рэчы Булачцы… гняздо, міска дый што там яшчэ ўжо гатовыя. Збірайся і пойдзем.

 

Булачка, самка-вытворніца, што вырасла ў клетцы, якую не маглі прадаць і якая да стэрылізацыі ніяк не магла пакінуць Ягаднаю Загарадзь. Адкуль у яе мог быць шанец даведацца, што знаходзіцца за межамі Загарадзі?

 

Ягаднай Загараддзю валодае, відавочна, містар Чарльз, але тая, каго Булачка ніколі не забудзе, – гэта міс Сафія. Гэта нагадала Крумкачу адну рэч: у вёсках, калі дзеці фермераў бачаць наймілейшых куранят ці казлянят, яны могуць забраць іх дадому трымаць як гадаванцаў. Хаця гэтыя гадаванцы маюць "часовую падпрацоўку", але іхняя "асноўная праца" – усё яшчэ быць скацінай.

 

Калі ён пачуў апошнюю волю Булачцы, Крумкач дапусціў, што Булачка хутчэй за ўсё была гадаванкай на паўстаўкі для міс Сафіі.

 

Таму пацучыная міс можа забраць ягады ў сваю пацучыную норку, пакуль яна дастаткова нахабная.

План спрацаваў, і ён зноў выйграў стаўку.

Папярэдняя глава

Змест

Наступная глава


[1] Тут выкарыстоўваецца дзеяслоў 爱 [ài] – любіць, кахаць, падабаць, і хаця яго можна выкарыстоўваць (і ён выкарыстоўваецца) як “падабаць колер/жывёлу/іншае”, шчыра кажучы, часцей за ўсё гэта ўсё-ткі пра рамантычнае каханне.

[2] 狗血 [gǒuxiě] – літаральна кроў сабакі, але ў слэнге пачало значыць перабольшаны збіты сюжэт, меладраматычны і бессэнсоўны. Накшталт пытання “а ці кахаў ён/яна мяне наогул?” – пытанне ў вышэйшай ступені банальнае, перабольшанае і пасля яго пачынаецца ўсім вядомы сцэнарый крынджу.

[3] Немагчыма сказаць дакладна, але Прыст тут, здаецца, абыграла ідыёму 恨海情天 [hènhǎiqíngtiān] – ненавісць глыбокая як мора і пачуцці высокія як неба, так звычайна гавораць пра складаныя эмоцыі, звычайна каханне і ненавісць паміж мужчынамі і жанчынамі.

[4] 阴 [yīn] – энергія інь, жаночы пачатак у старажытнакітайскай міфалогіі і натурфіласофіі, якая сімвалізуе адваротны-негатыўны бок светабудовы, цемру, холад, свет памерлых і г.д.  

[5] “Крык” – група карцін, выкананых у жанры экспрэсіянізму нарвежскім мастаком Эдвардам Мункам, які намаляваў напоўненую адчаем фігуру на фоне крывава-чырвонага неба. (Крык (карціна) — Вікіпедыя) 

Comments

Popular posts from this blog

CBEM - Пралог

Беласнежны дэман/CBEM/Pure White Devil/纯白恶魔

CBEM - Дзіўны новы свет (4)