CBEM - Дзіўны новы свет (4)

 

Папярэдняя глава

Змест

Наступная глава


Дзіўны новы свет (4)


– Крумкач будзе жыць тут з намі? Гэй, йдзі хутчэй сюды, я цябе расчашу!

– Не цацкайся з ім, ён толькі ачуняў... Гэх, як было бы добра, калі б толькі Крумкач не нарадзіўся ў гэтай клетцы, ён такой добрай якасці, яшчэ і паслухмяны. Ніводны з самцоў, што містар Чарльз купляў, не былі лепш за яго.

– Трызні менш, вы ведаеце, колькі каштуюць такія чорнавалосыя ды чарнавокія?

Крумкач, які паслухмяна дазволіў дзяўчатам з ім гуляцца, раптам усвядоміў: нездарма яго прадалі. Пацукі вырошчвалі свае быдла даволі навукова і ведалі, як пазбегнуць інбрыдынгу[1] – “самцоў-апладняльнікаў” свайго вытворніцтва яны прадавалі, а для сябе куплялі новых звонку.

– “Той самец” сапраўды памрэ?

– Бадай так, бо так сказаў містар Чарльз. Выдатна, у нас хутка з’явіцца новы самец, я не хачу больш бачыць таго тыпа, з яго адрузлай скурай, што валачыцца па падлозе, і яго смуродам... Крумкач, трымайся далей ад яго, а то і ты засмярдзіш!

Крумкач пакасіўся на свае збітыя ў лямец валасы: “Няўжо вось гэтакі я лічуся ўжо вельмі духмяным?”

– Той тып зусім кепскі самец, – нейкая жанчына з кіслым тварам дакранулася да свайго жывата, – у мяне хутчэй за ўсё зноў бройлер будзе.

– Насамрэч, не так шмат можна пакінуць “на развод”, большасць нашага патомства – бройлеры, – уклінілася ў размову маладая дзяўчына з доўгімі каштанавымі валасамі.

Крумкач зразумеў, чыя яна дачка, толькі пабачыўшы ейны твар, што на сем частак быў падобны[2] да твару Графіні.  Адначасова з гэтым, у ягоным мозгу ўсплыла і ейнае імя: Пярлінка.

Твар Пярлінкі яшчэ быў па-дзіцячаму прыпухлым, у лепшым выпадку ёй было гадоў чатырнаццаць ці пятнаццаць, але ейны жывот ужо быў далёка выпуклены. Яна зусім не адчувала ў гэтай сітуацыі нічога няправільнага, і нат з гонарам на твары ўзяла на рукі немаўля, яшчэ зусім цмактунка.

– Момо такая цудоўная, яна нарадзіла так шмат ягад, і ажно двух самак і аднаго самца. Паглядзіце на нашу Васьмёрачку, яна таксама чарнавалосая і чарнавокая, у будучыні яна дакладна застанецца на першым паверсе. Калі Крумкач сыдзе, ён можа пакінуць для яе імя “Крумкач”, яно такое шчаслівае і мілагучнае!

Крумкач:

– …

Ён ні на імгненне не разумеў, гэтае дзіця гаворыць у праўду ці ў крыўду, таму яму заставалася толькі смяяцца.

Якраз пакуль ён дурнавата смяяўся, момо ўляпіла яму плескача па патыліцы.

– Не стой тут, як ёлуп, йдзі сюды, – загадала яго біялагічная маці.

Пад зайздрослівымі позіркамі дзяўчат, Графіня ўвяла Крумкача за сабой.

Аказваецца, усе лесвіцы ў гэтай Ягаднай Загарадзі замыкаліся на кожным паверсе, не дазваляючы маладняку хадзіць на іншыя паверхі. Магчыма, бройлераў было надта шмат і пацукі не маглі адрозніваць іх адзін ад аднаго, а падлічваць паверх за паверхам дужа клапотна.

Толькі Графіня, як “Момо”, магла “свабодна хадзіць” па Ягаднай Загарадзі.  Як толькі яна выйшла на лесвіцу, замок на дзвярах выпусціў промень святла. На шыі Графіні зноў загарэлася непрыкметная плямачка, і, пасля праверкі, замок пстрыкнуў і адамкнуўся. Крумкач памацаў сваю ўласную шыю. Здаецца, тое, што містар толькі што “скапіраваў-уставіў” яму, мусіла быць графінінымі “паўнамоцтвамі свабоднага хаджэння па клетцы”.

“Цудоўна”, – вельмі задаволена падумаў ён, – “Цяпер я стаў “Віцэ-момо”.

У шыю кожнага “ягаднага” гадаванца ўжыўляўся чып, настолькі маленькі, што нат калі ён такі худы як халера, усё роўна прыйшлося бы мацаць скуру паўдні, каб адчуць нейкае іншароднае цела.  Асноўнай функцыяй гэтага чыпа для быдла мусіла быць адсочванне месцазнаходжання, а вызначыць іншыя магчымасці, напрыклад, ці магло яно кіраваць ім і да якой ступені, было складана, бо ён не асабліва разбіраўся ў мясцовым навукова-тэхнічным узроўні. Прынамсі ягоныя тайныя размовы з кансервамі засталіся нявыяўленымі. Месца ўжыўлення чыпа даволі далікатнае, вельмі верагодна, ён можа ўдарыць токам... А мабыць і выбухнуць. У рэшце рэшт, гледзячы на целасклад пацукалюдаў, дарослы чалавек хаця і не абавязкова выйграе іх у бойцы, але дакладна створыць для іх некаторую пагрозу.  

Як так званая “момо, што кіруе ўсімі”, Графіня мела найвышэйшы статус і адзіны ва ўсёй Ягаднай Загарадзі дом з вокнамі і дзвярамі. Паміж першым і другім паверхам знаходзілася невялічкая прыстройка, што выступала за межы лесвічнай клеткі, у сем-восем квадратных метраў па плошчы. Побач акурат знаходзілася харчовая кладоўка. Можна сказаць, гэта быў рэдкасна раскошны пакой, нядзіўна, што астатнія жанчыны ёй зайздросцілі.

Графіня штурхнула яго ўнутар, кінула кароткае: “Сядзі тут і не рухайся” – і адразу прынялася за працу: настала часіна абеду.

Яна прыбрала ваду са двара і пачала раздаваць ежу паверх за паверхам. Ва двары Ягаднай Загарадзі быў навес, пад навесам стаяла некалькі бочак, што напаўняліся кормам для ягад, а ў тых бочак знізу было вечка, якое адкрывалася і праз якое корм высыпаўся ўніз.

Людзі... Ягады, трымаючы ў руках міскі, пад загадамі Графіні выстройваліся ў чаргу за ежай. Пакончыўшы з адным паверхам, Графіня хуценька заганяла ўсіх назад, замыкала дзверы і толькі потым выпускала ягады з наступнага паверху.

 

Мудрыя пацукі не толькі ведалі як унікнуць інбрыдынгу, але і практыкавалі паасобнае кармленне. Ежа для цяжарных, кормячых і маладняку “бройлераў” знаходзілася ў розных бочках.

 

Абед праходзіў радасна, некалькі жвавых паўдарослых дзяўчат пачалі ва двары спяваць пацучыную песню для пасьбы, і дзеці на верхніх паверхах падтрымалі іх шматгалосым “люлі-люлі”. Не страшна, што ніхто не трапіў ва ўнісон, але чыстыя дзіцячыя галасы і нявінны смех было ўжо даволі прыемна чуць, і ўвесь “куратнік” напоўніўся радаснай атмасферай.

 

Крумкач машынальна адтупваў нагой рытм, раздумваючы над першым сумнеўным момантам: чаму вялікі містар наогул дазволіў Графіні стаць “момо”, калі ён так шкадуе?  Графіня не была найстарэйшай – ва двары было некалькі жанчын, якія выглядалі на адзін з ёй узрост, а то і старэй. Усе яны ўмелі гаварыць-смяяцца, мелі здаровыя рукі і ногі і цалкам маглі рабіць тое ж самае, што і Графіня.

 

Спрабуючы зразумець непасціжнае пацучынае сэрца, ён зноў агледзеў пакойчык Графіні.

 

Спальня чалавека гаворыць гучней за ягоны  дзённік і раскажа пра сваю ўласніцу амаль усё.  Ён акінуў расслабленым позіркам наваколле і адразу зразумеў, што характар у ўладаркі пакою жорсткі, крыху маніякальны, яна праўша, мае лёгкую ступень блізарукасці ці астыгматызму, доўгі час пакутвае ад бессані і болю ў левай назе, баіцца холаду і... хм? Позірк Крумкача прыцягнуўся да харчовай кладоўкі.

 

Ён не мог не падысці, каб пацвердзіць.

 

Рэчы ў кладоўцы былі такімі жа, як і ў кармушцы ўнізе, раскладзенымі па розных палічках у залежнасці ад іхняй мэтавай аўдыторыі. Кожная палічка была арганізаваная з графінінай ахайнасцю, усе ўпакоўкі былі расстаўленыя па колеру і памеры, люба-дорага глядзець. Толькі ўпакоўкі для бройлераў выглядалі вельмі хаатычна.  Мабыць містар нейкі час спрабаваў шмат розных брэндаў, а кожны брэнд меў свой асаблівы стыль афармлення ўпакоўкі, і Графіня не магла рассартаваць іх па колеры ці памеры, але яна ўсё роўна расклала іх па смаку. Выглядала ўсё даволі бязладна, але гэта таму, што яны былі строга выстраеныя па тэрміну годнасці, нават калі ў некаторых тэрміны адрозніваліся ўсяго на некалькі дзён.

 

Графіня ўмела чытаць.

 

Крумкач паглядзеў на старыя часопісы, расклееныя па кладоўцы для ўпітвання вільгаці: у такім выпадку тое, што кожная старонка глядзела ўверх, хутчэй за ўсё таксама не супадзенне.

 

Яму было вельмі цікава, але ён не стаў разглядваць падрабязней, бо пачуў варушэнне на лесвіцы.  Кепска, ён не мусіць выклікаць падозрані. Калі момо падумае, што ён цішком пад’ядае яе запасы, ці не згоніць яго ўніз, спаць на голай зямлі?

 

Крумкач спешна, на дыбачках, робячы вялізныя крокі, вярнуўся ў графінін пакой, аправіў крыссе адзежы і сціпла ўсеўся.

 

Відаць, адна з кармушак ва двары апусцела, бо Графіня паднялася, таропка ўзваліла на плечы мяшок з ягадным кормам, і зноў выйшла, не звярнуўшы ўвагі на сядзячае становішча свайго разумова адсталага сына.

 

Атупелы позірк Крумкача прасачыў за яе спінай і ўпаў на дзвярны вушак.

 

На лесвіцы ёсць святло, а ў пакоі – няма. Чалавечае вока не паспявае прыстасавацца да рэзкай змены святла і цемры, да таго ж на ўваходзе ў пакой ё парожак, таму звычайна людзі, праходзячы скрозь дзверы, будуць трымацца за вушак. Аднак на тым месцы, дзе імгненне назад трымалася Графіня, была толькі зусім невялічкая пацёртасць, але на іншым баку асады, дзесьці на дзесяць сантыметраў ніжэй, была пацёртасць нашмат прыкметнейшая, дзе дрэва ўжо нават набыла бляск ад доўгага часу націрання.

 

Пры росце Графіні, наўрад ці яна б схапілася так нізка, а гэта значыць, што яна займае гэтую пасаду “момо”не так ужо і доўга.  Крумкач глядзеў на гэты стары след і ўяўляў сабе вобраз папярэдняй момо: жанчына сярэдняга ці пажылога ўзросту, ростам не вышэй за метр шэсцьдзесят, каржакаватага целаскладу, ляўша... Як толькі склаўся прыкладны абрыс, як левае вока Крумкача пацямнела, і яго позірк уцягнула ў царства памерлых.

 

А? Папярэдняя момо сканала, ды яшчэ і проста ў гэтым пакоі? Хіба гэта не зручна?

– Дай-ка мне паглядзець..., – Крумкач ахвотна апустошыў свае непрыдатныя для карыстання мазгі, і цалкам даверыўся сваім чыцерскім вачам. Імгненнем пасля, кіруючыся сваёй інтуіцыяй, ён лёг ніцма на падлогу і выцягнуў з-пад ложку кароткі светлы валасок.

 

Валоссе нябожчыцы хутка дапамагло аднавіць вобраз сваёй уладаркі незадоўга да ейнай смерці: яна насамрэч была прыкладна такога жа ўзросту, як здагадаўся Крумкач, але ейны твар быў румяным і поўным жыццёвых сілаў, зусім не як у чалавека, які хутка памрэ. Наадварот, яна выглядала нібы можа пражыць нашмат даўжэй, чым ён сам, з яго кволасцю.

– Хм? – Крумкач трохі здзівіўся, – Дык ты памерла не ад хваробы?

 

Смерць ніколі не хлусіць, нябожчыкі адказваюць на ўсе пытанні.  Варта яму было спытаць, і сцэна смерці адразу паўтарылася перад ім.

Ён пабачыў папярэднюю момо... Няхай будзе “Бландзінкай”.  Снежка не ведала ейнага імя, што сведчыла пра вялікі аўтарытэт папярэдняй момо.  Бландзінка загадала некалькім дзяўчатам занесці нейкага чалавека ў пакой.  Дзяўчыны паклалі гэтага чалавека на зямлю, і прывід прымітыўных насілак прайшоў скрозь шчыкалаткі Крумкача. Ён адышоў на крок назад і апусціў галаву, толькі каб уперыцца позіркам у знаёмы твар – на насілках ляжала Графіня.

 

Прывідная Графіня выглядала крыху жахліва: ейны жывот вытыркаўся далёка ўперад, яна ўдыхала, але не выдыхала, а па яе голых нагах сцякала кроў.  Бландзінка зірнула на яе і выгнала дзяўчат з насілкамі прэч.

 

Пакуль яна павярнулася спінай, “непрытомная” Графіня на насілках расплюшчыла вочы. Халодны, востры позірк цёмна-карых вачэй прарэзаў час і прастору,  ледзьве не працяўшы нават такога далёкага гледача, як Крумкач, наскрозь.

 

Крумкач нявольна адкінуўся назад і пабачыў Бландзінку, якая прынесла ваду.  Калі яна ўвайшла, Графіня адразу ўзнавіла павярхоўнае дыханне, закрыла вочы і прыкінулася мёртвай. Бландзінка прысела ля яе на кукішкі і двойчы ўдарыла па шчоках, нешта шэпчучы. Было складана прачытаць па вуснах, але хутчэй за ўсё гэта былі не самыя прыемныя словы. Кожная маршчынка на твары папярэдняй момо зычыла Графіні “пакінуць дзіцёнка ў спакоі і пайсці ўжо хутчэй на нябёсы”. Яна абеззаразіла інструменты для родаў, потым заткнула Графіні рот, падабрала з зямлі тканіну і прыгатавалася зафіксаваць канечнасці цяжарнай. Усе яе рухі былі настолькі грубымі, што нагадвалі не прыняцце родаў, а хутчэй забойства свінні.

 

Сляды ад удараў на парозе і ад пазногцяў на пацёртасці вушака сведчылі пра тое, што ў Бландзінкі кепскі зрок. Таму, калі яна завязвала тканіну, яе твар аказаўся вельмі блізка да Графіні. У гэты час адбылася рэзкая змена. “Ледзь-ледзь дыхаючая” цяжарная ўскінулася, і графініны пальцы ўторкнуліся роўна ў вочы Бландзінкі!

 

Рэзкі боль у вачах нябожчыцы перадаўся наўпрост таксама і гледачу, ды застаў Крумкача знячэўку, ад чаго ён не ўтрымаўся ад лаянкі:

– Бля, кот цябе дзяры! Шш-ш…

Але халоднае паветра не змагло пранікнуць у лёгкія, а горла сціснулася – Графіня здзёрнула тканіну, напаўабвязаную вакол яе запясця, і зацягнула яе вакол шыі Бландзінкі.

 

Крумкач не хацеў гэта каментаваць, ён проста адчуваў сябе пакрыўджаным: калі б яму сказалі, што гэта забойства, ён паабяцаў бы не глядзець на зло[3]!  Гарыць брама, а пакутуе рыба[4], якога вырадка[5] ён пакрыўдзіў?!

 

Бландзінка ўпарта змагалася з апошніх сілаў, бесперапынна ўдараючы сваім крэпкім локцям па графініным жываце. Графіня была яшчэ больш злоснай, яна аблівалася халодным потам, па ўсім целе ў яе выпнуліся вены, але рукі зусім не расціскаліся. У становішчы паміж жыццём і смерцю, папярэдняя момо нат вырвала з тыльнага боку рукі Графіні кавалак мяса. Графіня жа наогул не клапацілася пра свой жывот, яна наўпрост скарыстала свае пукатыя бакі, каб падперці верхнюю частку цела, адцягнула галаву Бландзінкі, і бязлітасна ўдарыла ёй аб ножку ложка.

 

Бах! Куткі вачэй Крумкача падскокнулі разам з глухім гукам.

 

Бах! Стаяла глыбокая ноч, усе пацукі спалі[6], людзі былі замкнёныя ў клеткі на паверхах зверху і знізу, і ў гэтай барацьбе не на жыццё, а на смерць, быў толькі адзін глядач з будучыні. Шасціканцовая зорка яго зрэнкі ў левым воку Крумкача павялічылася, шалёна завярцелася, ледзьве не ўціскаючыся ў яго раёк.

 

Неўзабаве пакуты скончыліся і ён сустрэўся вачамі з нябожчыцай.

 

Сцэна застыла на моманце, калі Бландзінка была на краі жыцця, пачуцце блізкай смерці ад удушша крыху саступіла, і Крумкач імгненна сеў на ложку ў пакойчыку. Паветра, якое знянацку рынулася ўнутр, абадрала кволае горла, і ён, з вялікімі намаганнямі перавёўшы дыханне, устаў на ногі. Праз доўгі час, Крумкач перавёў паўмёртвы позірк на працягнутую руку нябожчыцы: трансляцыя справы пра забойства скончылася, настала частка ўзаемавыгадных здзелак.

– Вітаю, спадарыня, – ён прачысціў хрыплае горла, – як мне не пашанцавала вас пабачыць.

 

Жывы ды мёртвая сустрэліся скрозь час і прастору, страх і нянавісць памерлай бушавала стыхіяй, але Крумкач толькі ўмоўна памахаў і знямогла кінуў бескарысную заўвагу:

– Так, разумею ваш настрой...

У яго левым вуху раздаўся стары жаночы голас:

– Я хачу...

Усплыў цень кантракту, і Крумкач неахвотна паправіў сваю манеру абслугоўвання:

– Ну-ну, гаварыце?

Нябожчыца-замоўца:

– Я хачу адпомсціць, забіць яе! Я хачу, каб яна памерла самым жудасным спосабам, я хачу, каб яна памерла ў дзесяць тысяч разоў горш за мяне!

Крумкач:

– ...

Ён прыклаў нямала намаганняў, каб не закаціць вочы, і выціснуць з сябе фальшывую камерцыйную ўсмешку.

– Прашу мяне прабачыць, я займаюся толькі ачышчэннем унутранай памяці і жорсткіх дыскаў ды перадаю апошнія словы і паролі. Помста і збіранне даўгоў не ў маёй зоне адказнасці.

 

Як толькі ён скончыў гаварыць, незавершаны кантракт імгненна разарваўся, і нябожчыца канчаткова растаяла ў паветры. Крумкач зноў змог бачыць ясна левым вокам, зрок вярнуўся да нормы, кроў і труп на ложку таксама цалкам зніклі без следу. Застаўся толькі фантомны боль у шыі і вачах, дадаючы яшчэ хваравітасці і так не дужа здароваму целу.

 

Крумкач сціснуў горла, каб супакоіць жаданне ванітаваць, лаючы сваю благую цікаўнасць: трэба паглядзе-ець, ды на што там было глядзець! Вось цяпер утульнае аднапакаёвае жыллё ператварылася ў дом з прывідамі.

 

У гэты момант звонку данесліся гукі крокаў, і Графіня штуршком расчыніла дзверы.

 

Узняўшы галаву, Крумкач пабачыў яе ўчэпленую за дзвярны вушак правую руку, на тыльным баку якой быў шнар ад пазногцяў. Ён зглынуў, і са ўсёй шчырасцю ўскрыкнуў:

– Мамачка!

Папярэдняя глава

Змест

Наступная глава


[1] Інбрыдынг – гэта спарванне блізкароднасных асобін адной пароды.

[2] Падобны на (колькасць) частак – распаўдзюжаны кітайскі выраз. Часцей за ўсё маецца на ўвазе, што ўсяго частак 10.

[3] 非礼勿视 [fēi lǐ wù shì] – на тое, што не адпавядае рытуалу, нельга глядзець; не бачыць зла. Выказванне паходзіць з "Размоў і суджэнняў" Канфуцыя, і звычайна йдзе ў камплекце з "не чуй зла", "не гавары зла", "не рабі зла".

[4] 城门失火,殃及池鱼 [chéng mén shī huǒ, yāng jí chí yú] – калі полымя ахоплівае гарадскую браму, рыбе ў возеры прыходзіцца кепска – пахмелле з чужога вяселля, пакута за чужыя грахі.

[5] 鳖 [biē] – літаральна чарапаха і не мае ніякіх дадатковых сэнсаў, але гэтае слова мае сінонім – 王八 [wángba], якое таксама азначае чарапаху, але якраз такі карыстаецца ў значэнні "вырадак, дрэнь, сволач"

[6] Тут забаўная гульня словаў. У кітайскай мове ё выраз 夜深人静 [yèshēn rénjìng] – глыбокай ноччу ўсе людзі спяць, а тут скарыстанае 夜深鼠静 [yèshēn shǔjìng] – глыбокай ноччу ўсе пацукі спяць.

Comments

Popular posts from this blog

CBEM - Пралог

Беласнежны дэман/CBEM/Pure White Devil/纯白恶魔