CBEM - Дзіўны новы свет (5)
Дзіўны новы свет (5)
Крумкач паклікаў маму, што мусіла выказаць яго вялікае захапленне, аднак супрацьлеглы бок відавочна не прыняў ягоных шчырых пачуццяў.
Графіня на імгненне спынілася ў дзвярах і нічога не сказала, але вячэра Крумкача стала на адну кансерву менш.
Ён быў хворай жабкай з пап’е-машэ, якой пасля аднаго падскоку трэ было тры разы адпачыць. Таму ён не адважыўся пратэставаць супраць суровай момо і толькі і мог, маўкліва абураючыся, праглынуць паўміскі сабачага корму без смаку.
У Падземным Горадзе няма розніцы паміж ранкам і вечарам, біялагічны гадзіннік цалкам залежыць ад кіравання штучнага асвятлення. У назначаны час у Ягаднай Загарадзі пагасілі святло, і на паверхах спакваля сціхлі гаворкі і смех.
Дзень, поўны радасці, прайшоў.
Індэкс шчасця мясцовых ягад даволі высокі. Паводле крумкачовых назіранняў, за выключэннем таго ўсімі аблаянага самца з дэменцыяй, толькі Графіня адзіная не спявала і не смяялася... Магчыма таму, што ёй трэба было працаваць.
Пасля цяжкага дню жанчына-працаўніца аддала свой аднаспальны ложак лядашчаму сыну-ёлупу, а сабе разаслала на падлозе старую шарсцяную коўдру і лягла роўна на тым месцы, дзе сканала папярэдняя момо.
У цемры Крумкач паслухмяна ляжаў, робячы выгляд, што не ведае, як у пакутах бессані Графіня ўтаропілася на яго пустымі вачыма.
Магчыма праз заўсёднае чытанне газет у цёмным пакоі, Графіня атрымала лёгкую курыную слепату і кепска бачыла ў цемры, а магчыма яна проста не лічыла Крумкача за жывую істоту, але яна аслабіла кантроль за выразам свайго твару. Пад тайным наглядам Крумкача яе твар непрадказуема змяняўся, то быццам яна хацела таксама разбіць яму галаву аб падлогу, то зноў станавіўся вельмі ласкавым, нібы яна хацела проста выцерці яму твар.
Гэта проста абуральна. Як такі просты наіўны слабаразумны, як ён, аказаўся ў гэткіх адносінах кахання і нянавісці?
Гэта нечаканае забойства патлумачыла некалькі рэчаў, напрыклад, чаму “момо” не можа быць кімсьці апроч Графіні – бо яна бязлітасная.
Для пацука-гаспадара папярэдняя момо сканала – ну і хай з ёй, яна ў любым выпадку была старой, але калі бы ён паставіў новую момо і зноў бы ўзнік канфлікт з няўжыўчывай Графіняй, эканамічныя страты павялічыліся бы. У тым што быдла забівае быдла няма нічога страшнага, яно бы яго не турбавала. Пацукам-гаспадарам трэба толькі ўпэўніцца, што Графіня не звар’яцее і не пачне масавае забойства сабе падобных. Што датычыцца таго, было тое забойства наўмысным ці самаабаронай, каму якая розніца, хто выжыў, таго і справядлівасць... Калі камусьці ёсць справа да “справядлівасці” хатніх жывёл.
Але, між гэтым, у Крумкача пастала новае пытанне: чаму Графіня забіла папярэднюю момо?
Папярэдняя момо не зычыла Графіні дабра, але падчас родаў не мела і забойных намераў. Кожны, хто хоча забіваць, бачыць, што ў ва ўсіх ё нож. Калі б яна хацелі смерці Графіні, то ніяк не магла бы быць непадрыхтаванай супраць маладзейшай і мацнейшай Графіні.
Так што гэта цалкам графінін замысел.
Аднак ролю аўчаркі тыпу “момо” наўрад ці будуць займаць маладыя, звычайна гэта самкі-вытворніцы, што ўжо выйшлі з дзетароднага тэрміну. Графіня ўжо столькі дзяцей нарадзіла ў гэтай Ягаднай Загарадзі, гэтыя дзве былі побач столькі часу, якая бы злоба паміж імі не была, няўжо нельга было вырашыць яе ў іншы час?
Не важна, ці былі цяжкія роды Графіні рэальнасцю ці прытворствам, нараджаць дзіця ў такім жахлівым месцы ўсё роўна не жартачкі. Дык навошта яна сумясціла дзве небяспечныя задачы – жыццё і смерць?
Нават калі падчас забойства ў яе жываце знаходзіўся які-колечы “Васьмёрык”, з гэтага моманту прайшло ўжо месяцаў дзевяць-дзесяць, што яна рабіла ўвесь гэты час?
Яна, нягледзячы на рызыку, спяшалася, няўжо толькі дзеля таго, каб заняць пасаду момо і батрачыць на пацукоў?
Графіня – загадка.
Яшчэ больш наводзіць на думкі, што Крумкач толькі што выгукнуў “мамачка”. Тая самая назва, якую пузанчык Шасцёрык не змог зразумець, а Графіня, хаця і праявіла некаторую змену настрою, але ніколькі не здзівілася.
Крумкач таміўся гэтымі сумневамі, цярпліва чакаючы нейкі час, пакуль Графіня на падлозе не павернецца, і гэты трывожны позірк не знікне. Ён прыкінуў, што прынамсі гэтай ноччу Графіня не плануе разбіваць яму чэрап, з вялікім аблягчэннем выцягнуў канечнасці і скарыстаўся адным фокусам, каб заснуць за тры секунды.
Магчыма ложак Графіні быў цвярдзейшы за шпітальны, на кожны рух адказваючы скрыпам, але Крумкач спаў неспакойна і сніў нешта невыразнае.
Ва сне ён быў вольны ад хвароб ды болі і мог за пяць хвілін згрызці каробку смажаных куранят, выплёўваючы косткі нават лаўчэй за сабака.
Побач з ім сядзеў нейкі чалавек, чый сілуэт ён ніяк не мог разлічыць, але ён быў вельмі цёплым, як маці ці бацька.
Яму інстынктыўна хацелася трымацца падалей ад іх, спіна і плечы напружыліся, але ён цераз сілу стрымаўся, нібы з кімсьці сапернічаў.
– Вельмі нясмачна, – ён адкінуў апошнюю костку і, наўмысна раўнадушна выціраючы рукі, паскардзіўся: – У вашай сталовай на курэй напяльваюць бронекамізэлькі? Яна была ў такім тлустым слоі паніровачных сухароў, што я ледзьве не сцёр верхнія зубы.
– Ах, мае прабачэнні, – сказаў той чалавек з добрай усмешкай, – я запрасіў цябе сюды нават без адпаведнага праёму. Наступным разам я замаўлю табе дастаўку, а ты закажаш стравы. Што ты хочаш з’есці?
– Бля! – ён вылаяўся, як сапраўдны бунтар-чуніб’ё, – Якім яшчэ “наступным разам”!
– Проста скажу табе, – той чалавек не пакрыўдзіўся, тон яго голасу застаўся такім жа ласкавым, як і раней, – Мне спатрэбіцца тут шмат тваёй дапамогі, “Асацыяцыя” вырашыла перавесці цябе з “Асобай зоны” і зрабіць мяне тваім апекуном.
– На-гляд-чы-кам[1].
– Табе так падабаецца гэтая назва? Таксама добра, ці ты можаш клікаць мяне “Стары псюк”.
Крумкач не змог усядзець спакойна, і выпаліў:
– Вам трэба гэтая штука ў маім целе, дык чаму вы проста не дастанеце яе?
Суразмоўца маўчаў.
Таму ён стаў яшчэ больш нестрымана балбатаць:
– Асацыяцыя ўжо не можа дачакацца, так? Усё роўна я...
– Малец, – яго перабілі, – ты не хочаш да мяне прыходзіць?
Ён яшчэ больш усхваляваўся, таму пачаў яшчэ больш раздражняльна пустазвоніць:
– Не, для мяне было бы гонарам браць з вас прыклад, магілы маіх продкаў невядома дзе абавязкова выбухнуць...
– Але мне здаецца, што ты хацеў выскокнуць з вакна з таго часу, як я тут сеў.
– ...
Той добры чалавек устаў, расчыніў акно і кінуў позірк вонкі, а потым павярнуўся і сказаў:
– Гэта другі паверх, сеннікі ўнізе даволі тоўстыя, калі хочаш – можаш скочыць. Будзеш?
Чалавек, што гэта сказаў, стаяў перад вакном спінай да святла, і яго па-ранейшаму немагчыма было разглядзець выразна. Толькі рэха слова “можаш” білася па яго барабанных перапонках, прымусіўшы яго прачнуцца.
Калі Крумкач расплюшчыў вочы, неба... лямпы ўжо былі яркімі.
Ён збянтэжыўся на імгненне, пакуль не ўсвядоміў, дзе ён знаходзіцца.
Ягадная Загарадзь ужо поўнілася галасамі, Графіня таксама з самага ранку пайшла працаваць – яна хаця і забівае людзей, але не дае дзецям заспацца, і ўжо толькі праз гэтую прычыну, гэтая маці вартая водгуку на пяць зорак.
Сон быў падобны на паўночную фею, хутка саступіўшы ў глыбіні ягонай памяці і знікнуўшы без адзінага следу. Крумкач сядзеў на краі ложку, апусціўшы галаву, чакаючы, пакуль выкліканае паніжаным ціскам галавакружэнне не пройдзе, калі пачуў як у Ягаднай Загарадзі пачалася радыёперадача.
Вясёлая музыка перамешвалася з пропаведзямі мяккім пацучыным голасам, а асноўная думка перадачы заключалася ў наступным: найвялікшае шчасце ў жыцці – гэта мець магчымасць есці і спаць, будзьце ўдзячнымі жыццю і заўсёды будзьце пільнымі да незвычайных думак у галаве, бо “цікавіцца бясплоднымі ідэямі” – гэта адзін з сімптомаў рака мозгу ў ягад, а ўзровень смяротнасці ад гэтай хваробы надзвычай высокі.
Крумкач:
– ...
Ды няўжо, не дурыце непісьменных разумоваадсталых, хіба ў раку мозгу ё гэткія сімптомы?
У пакоі Графіні быў просценькі кран, таму ён, пасядзеўшы і паднакапіўшы крыху сілаў, змог хоць неяк умыцца, а потым, нат спусціцца ўніз, адчыніўшы дзверы лесвіцы чыпам у шыі.
Унізе ўсе дзяўчаты ўжо падняліся і там ужо стаяла доўгая чарга з бройлерочкаў, чакаючых раздачы ежы.
Радыё вяшчала: “Спявайце больш, размаўляйце менш і перастаньце задавацца пытаннямі. Спевы ўзмацняюць дух, пустыя размовы нясуць толькі смутак, а пытанні вельмі небяспечныя”.
Дарослыя і дзеці ва двары, радасна, у адзін голас, паўторвалі: “Спевы ўзмацняюць дух, пустыя размовы нясуць толькі смутак, а пытанні вельмі небяспечныя!”
Крумкач:
– Пф-ф...
А потым ён быў пабіты за тое, што з дурным смехам блакіраваў праход.
Графіня сцебанула яго бізуном, хаця Крумкач нічога не зрабіў. Бройлеры на раздачы так перапужаліся, што чарга імгненна замоўкла, дзеці нават за радыё не адважваліся паўторваць.
Прымаючы ежу ў мёртвай цішыні, дзеці сабраліся ў кола, узаемна кантралюючы хто як ясі, і калі бачылі, што нехта не даеў сваю порцыю, адразу данасілі момо, каб тая яго адхвастала бізуном. Крумкачу было цікава, якая ежа можа зрабіць людзей настолькі тлустымі, таму ён схапіў адну гранулу з дзіцячай міскі, але не паспеў ён засунуць яе ў рот, як на яго тут жа данеслі. Так і не паспытаўшы корму бройлераў, ён зноўку пачаставаў бізуна.
Пабіўшы свайго дурнога сына, Графіня пагнала бройлераў назад і арганізавала другую групу з іншага паверху, каб ужо яны сталі ў чаргу. Толькі тады Крумкач пабачыў, што побач з кармушкамі ё яшчэ і высакакласныя вагі, якія аўтаматычна сканавалі розныя дадзеныя цела таго, хто на іх уставаў. Дзяцей трэба было спачатку ўзважыць, і толькі потым карміць у залежнасці ад інструкцый гэтых вагаў.
Крумкач наблізіўся, паназіраўшы нейкі час, а потым, скарыстаўшыся няўважлівасцю Графіні, на кукішках пракраўся ў шэраг бройлераў, а пасля разыграў вялікае з’яўленне перад вагамі.
Вагі: “Увага, вышыня аб’екту перавысіла верхнюю мяжу, калі ласка, прыміце меры як мага хутчэй! Калі ласка, прыміце меры як мага хутчэй!”
Крумкач:
– Эх.
Надта разумныя.
Як толькі Графіня павярнула галаву, Крумкач адразу даў драпака, але, нечакана для сябе, пераацаніў моц сваіх лёгкіх. Ён не прабег і двух крокаў, а ўжо адчуў, як калоціцца ў грудзях сэрца і не хапае паветра, а яго твар спалатнеў без аніводнай крывінкі. Таму ён быў схоплены Графіняй ля дзвярэй у мужчынскі гуртажытак, і зноў адлупцаваны.
Побач рабілася такая сумятня, але браток у мужчынскім гуртажытку ўсё так жа раўнадушна ляжаў, а яго худы як смык азадак ужо, здаецца, пусціў карані ў зламаны фатэль.
Графіня пацягнула Крумкача за вуха, з падазрэннямі змерваючы яго позіркам:
– Што з табой сёння такое?
Крумкач маўчаў, гледзячы на яе чыстымі, без адзінай думкі, вачыма.
На графініным твары імкліва прамільгнула агіда, і яна раздражнена ўпіхнула яму ў рукі міску сабачага корму, паказала на самца ўнутры маленькага дворыку і сказала:
– Дасі яму. А ну давай валі.
Крумкач адчыніў чыпам жалезныя дзверы і праслізнуў у мужчынскі гуртажытак, і ледзьве не задыхнуўся, аказаўшыся паблізу з Гэтым Самцом. Браток-самец дні напралёт ляжаў і не рухаўся, таму ў яго з’явіліся пролежні, і лічынкі свідраваліся ўнутар і вонкі ў ягонай гнойнай плоці. Крумкач падышоў яшчэ бліжэй, і высветліў, што квяцістасць на спадніцы старэйшага браточка гэта не ўзор, а экскрэменты, – у небаракі ўжо пачалося нетрыманне.
Нядзіўна, што Графіня не хацела йсці сама.
Крумкач на дыбачках падабраўся да сабе падобнага і пацягнуў носам, трошкі задраўшы галаву. Цела самца не проста смярдзела, але яшчэ меўся гнілы душок скорай смерці. Вялікі містар Чарльз вызначыў верна, ён сапраўды хутка сканае.
Крумкач урачыста паставіў ахвярную міску перад братам-самцом, уваткнуў пластыкавую лыжку вертыкальна ў корм і схіліўся ў паклоне, нібыта ўшаноўваючы памяць памерлага[2].
Старэйшы браток глядзеў скрозь Крумкача і міску з кормам, працягваючы нерухома глядзець на жалезную агароджу побач. Прасачыўшы за яго позіркам, Крумкач пабачыў, што ў тым месцы на агароджы вісіць маленькі кветкавы кошык, поўны саламяных лялек і кветак з упаковачнай паперы.
З роту самца выцекла некалькі неразборлівых слоў, Крумкач падышоў і ўважліва прыслухаўся да таго, што ён там гаварыць:
– Ветраныя званочкі... Званочкі... Званочкі....
Ветраныя званочкі?
Крумкач падышоў пад кветкавы кошык, але колькі не глядзеў, так і не змог знайсці нідзе званочкаў. Ён якраз працягнуў руку, каб зняць кош са сцяны, калі нехта пляснуў яго па руцэ.
Невядома калі прыйшла Графіня і ўсучыла яму бляшанку мясных кансерваў:
– Йдзі ясі, а яшчэ раз будзеш учыняць беспарадак – заб’ю до смерці.
Сказаўшы гэта, яна таропка сышла.
Крумкач апусціў галаву паглядзець на бляшанку ў сваіх руках і збянтэжана падняў бровы – пераданая Графіняй бляшанка раптам аказалася ўжо адкрытай і перамешанай.
Так уважліва?
У гэты час, яго думкі перабіла выцягнутая галава:
– Крумкач, а вось і я!
Яго ахутаў водар малака, і сястрычка Пярлінка ласкава абняла яго за руку ды пацягнула Крумкача сесці побач:
– Што ты такога кепскага зрабіў, каб заслужыць такое гучнае збіццё?
Крумкач паказаў на кошык з кветкамі на агароджы.
– А, – усмешка сышла з твару Пярлінкі, – Ты таксама сумуеш па Булачцы?
“Сумую, сумую до смерці” – падумаў Крумкач, – “дайце мне лустачку белага хлебу, я адразу сябе ў рабства прадам”.
Праглынуўшы сліну, ён вярнуў сабе розум і ўсвядоміў, што “Булачка” можа быць асабістым імем, таму вельмі павольна паўтарыў:
– Бу–лач–ка?
Ніводная з дзяўчын у двары не адрэагавала, толькі рухі Графіні па падмятанню двара не імгненне спыніліся.
– Ты так хутка яе забыў, дурны Крумкач? Булачку таксама нарадзіла момо, яна была маёй найлепшай сяброўкай.
Крумкач мякка апусціў галаву, паглядзеўшы на валасы дзяўчынкі.
– Той кошык з кветкамі зрабіла Булачка. Яна была такая харошая, найлепшая ягада ва ўсім свеце. У яе проста было надта шмат мазгоў, і яна памерла ад раку мозгу.
Скончыўшы тлумачыць, Пярлінка пачала зноў шаптаць сутры, быццам папярэджваючы сябе: “Спявайце больш, размаўляйце менш, спявайце больш, размаўляйце менш...”
Крумкач, нібы нешта адчуўшы, зноў зірнуў на кветкавы кошык на жалезных прутах.
У ценю, яго левае вока бязгучна пазнала другую нябожчыцу ў Ягаднай Загарадзі.
З коша выйшла вытанчаная дзяўчына, пастаўшы перад ім. Яна была невялікага росту, з маленькім круглым тварыкам, усім целам яна была падобная да цукровай ваты, за выключэннем вачэй, якія былі рыхтык Графініны.
У імгненне вока, Крумкач пабачыў усё, што было перад яе смерцю: судзячы па святлу лямпаў на фоне, гэта мусіла стацца нейкай глыбокай ноччу, гэтак званая “Булачка” выйшла сама па сабе з жаночага гуртажытку, цягнучы за сабой звітую з пяці-шасці саламяных жгутоў вяроўку. Не вельмі вопытна яна завязала пятлю на жалезным поручні, потым наступіла на лаўку і прасунула ў пятлю галаву.
У Крумкача перахапіла дыханне. У адрозненне ад учорашняй справы пра забойства, на гэты раз удушша было мяккім, доўгім... І роспачным.
Ён сядзеў ціха, не дазваляючы дзяўчынцы побач прыкмеціць нічога дзіўнага.
Гэтым разам унутры сцэны смерці таксама былі і іншыя людзі. Унутры маленькага дворыку мужчынскага гуртажытку двое мужчынаў – уключаючы і самога Крумкача – на здзіўленне, не спалі. Гэтая пара разумоваадсталых братоў паходзіла на дзве статуі: адзін сядзеў у двары, другі абапёрся на вакно, нерухома назіраючы за самазабойствам па іншы бок жалезнай агароджы.
Пад іхнімі позіркамі Булачка адшпурнула лавачку, яе гайдальнае цела ўдарылася аб агароджу з трэскам. Роўна пакуль Графіня не выбегла і не ўзяла ў абдымкі цела дзяўчынкі, дзве лялькі ў мужчынскім гуртажытку ні разу не варухнуліся і не выдалі ані гуку.
Толькі ў той міг, калі ў цемры невядома адкуль з’явіўся сполах святла, вочы самца-апладняльніка сярэдніх гадоў на імгненне бліснулі святлом, і так жа хутка патухлі, нібы іскры, знесеныя ўраганам.
Крумкач пабачыў, як ягоны рот крыху варухнуўся, быццам гаворачы “Ветраныя званочкі...”
Булачка памерла ад “раку мозга”.
Аказваецца, у гэтым месцы смерць ад роспачы называецца смерцю ад “раку мозга”.
[1] У гэтым месцы неперакладальная гульня словаў (а мо і перакладальная, калі падумаць крыху больш). Карацей суразмоўца Крумкача гаворыць, што ён – яго апякун, 监护人
[jiānhùrén] - папячыцель, апякун, а Крумкач папраўляе, што ні халеры не апякун, а наглядчык, 监管人 [jiānguǎnrén], надзорца, наглядчык. Першы і трэці іерогліфы аднолькавыя, змяняецца толькі другі.
[2] Апісанне шанавання памерлых па кітайскіх традыцыях. Часцей за ўсё гэта ахвярная ежа з уваткнутымі ў яе вертыкальна палачкамі духмянасцяў (прычына, чаму ў азіяцкіх краінах лепш не ўтыкаць палачкі для ежы вертыкальна ў міску, – якраз у тым, што яно нагадвае шанаванне памерлых), і адпаведныя паклоны. То бок, Крумкач шануе свайго "брата" як памёрлага яшчэ пры яго жыцці.
Comments
Post a Comment