СBEM - Дзіўны новы свет (2)


Папярэдняя глава

Змест

Наступная глава

Дзіўны новы свет (2)

– Мае дзіцятка, мае бедненькае, хутчэй сядай, сядай… Уф, прайшла-ткі гарачка нарэшце! – містар абхапіў махнатымі лапкамі ў пяшчотныя абдымкі крумкачыную талію – яго пярэднія лапкі былі надта кароткімі, каб дацягнуцца вышэй – ён пахлопваў і гладзіў Крумкача, выдаючы сваім ад пачатку прарэзлівым голасам надзвычай жахлівыя гукі.

 

Ад сюсюкання Вялікага Містара Крумкач ледзьве не пакрыўся крапіўніцай, але, улічваючы свой разумова адсталы стан, штосілы трываў, каб нават не піснуць.

Дзеці ва ўзросце Шасцёрыка часам прымаюць свае фантазіі за праўду. Нават калі ён пойдзе і ўсім раскажа, што вядомы ўсім ідыёт раптам набыў дар красамоўства, ніхто з дарослых яму ўсё роўна не паверыць.

 

Але містара Пацука не так-та лёгка будзе падмануць.

Будова чэрапа містара набліжалася да пацучынага, але, пры больш блізкім разгляданні, была пляскацейшай, чым у звычайнага пацука. Як і ў людзей, у яго быў маленькі ўчастак пыскі без поўсці, з падобнымі да чалавечых мімічнымі мышцамі, якія спрыялі даволі багатым выразам пачуццяў. Апроч гэтага, у звычайных пацукоў вялікі палец атрафіраваны, а ў містара Пацука пярэднія лапы набліжаліся хутчэй да чалавечых рук, і хаця і мелі толькі чатыры пальчыкі, але адзін з іх, відавочна, выконваў функцыі вялікага, вельмі спрытна ўсё схопліваючы да ўтрымліваючы. Ён мог бы нават яшчэ і скласці пальцы сэрцайкам.

Містар Чарльз быццам бы не бачыў таўстунчыка Шасцёрыка, яго пара пацучых вочак прыклеілася да Крумкача і не адрывалася, і ён загадаў момо, якая невядома калі ціха зайшла ў пакой, "даць яго душачцы кансервачку".

У выніку так званая "кансервачка" была не з мясам ці з тунцом, а бляшанкай кансерваваных у сіропу жоўтых персікаў. Крумкач мімаволі крайне расчараваўся.

 

Ледзьве рухаючыся, Крумкач без цікаўнасці ўзяў бляшанку рукамі, адчуваючы вялікую агіду… Не, правільней будзе сказаць, што ён да глыбіні душы працівіўся салодкаму. На этыкетцы бляшанкі пазіравала бялявая светласкурая прыгажуня, і ён падцягнуў кансерву бліжэй, каб крыху палюбавацца. Яму здавалася, што такая дзяўчына мусіць быць у рэкламе шампуню, а не паказваць абжорства на кансервавай бляшанцы.

Містар Чарльз бесперапынна падганяў яго есці хутчэй. Такому клопату было вельмі складана супраціўляцца, і Крумкачу толькі і заставалася як падпарадкавацца загаду махнатага гаспадара. Нехаця ён засунуў маленькі кавалак у рот, ужо падрыхтаваўшыся прапусціць працэс перажоўвання і адразу праглынуць.

Але хто б ведаў, што адразу пасля гэтага ён аслупянее ад здзіўлення.

Ад сіропу кожны яго смакавы рэцэптар ахапіла хваля бурнай радасці. Здрадніцкія рукі і рот скаардынаваліся без лішніх словаў, і, да таго, як мозг паспеў адрэагаваць, ужо другі персік быў праглынуты.

Крумкач:

– …

Што за ганьба!

А пасля адпіў поўны рот сіропу.

Ягоная душа і цела з шумным скандалам скасавалі свой шлюб праз бляшанку персікаў, а містар Чарльз сядзеў побач, звесіўшы свае стопы ў паўтары чы ўніз, і глядзеў на Крумкача, як стары селянін на свае поле пшаніцы.

– Значна лепей! Толькі фруктамі можна прымусіць яго з'есці трохі больш. Хаця гэтыя кошкай шлыханыя "людзі паверхні" падабаюць хваравітых ды кволых, аднак яны такія ўжо складаныя ў гадоўлі, – паскардзіўся містар Чарльз момо, – захворваюць ад кожнага ветрыку. Дні два назад стары Ганс хацеў пазычыць яго на злучку, але я не адважыўся згадзіцца. Пабаяўся, што з ім нешта здарыцца да таго, як пакупнік паспее атрымаць тавар.

Словы містара марна страсалі паветра, бо момо працягнула нема стаяць побач, застаючыся абыякавай да ўсяго.

Містар выцягнуў нагу і злёгку пхнуў ёй момо:

– Некаторыя кошкай вылюбленыя ідыёты не ведаюць як даглядаць нават сваіх родных.

Момо пахіснулася на паўкроку назад і зноў устойліва ўстала на ногі, па-ранейшаму застаючыся безуважнай і маўклівай.

– Ну ты! Адыліж нікчэмная і раздражняльная, – містар Пацук працягнуў наракаць. – Вашай пародзе і так складана пладзіцца, а ты яшчэ і дурная, не прызнаеш уласных дзіцянят як аднімеш ад грудзей, эх! Не, каб іншыя вытворніцы…

Ён цяжка ўздыхнуў і "ціп-ціп"-нуў, каб падражніць Крумкача. Крумкач трохі адрэагаваў, праз што маленькія вочкі містара заззялі шчасцем:

– Ясі, ясі хутчэй, мая крошка, мае грашовае дрэўца.

Скончыўшы адцягваць Крумкача, містар Чарльз устаў, даў момо некалькі наказаў, а потым ткнуў кіпцюром на Шасцёрыка, які сціснуўся ў кутку:

– Хай ужо застаецца такім, калі ўсе спецыялісты выказаліся. Будзем лічыць, што адпавядае норме. Адвядзі яго потым назад у загон.

Вочы тлусценькага Шасцёрыка зазіхацелі, быццам яго ў дзетсадочку ўзнагародзілі маленькай чырвонай кветачкай[1].

– Момо! Я прыдатны!

Варта было містару Чарльзу касалапа сысці, як Шасцёрык адразу падскокнуў… сантыметры на тры і шчасліва закружляў вакол момо, але потым, злавіўшы яе халодны позірк, сарамліва адхапіў рукі ад яе вопратцы і па вялікай дузе пабёг да Крумкача.

Пакуль момо рупліва прыбіралася ў "шпіталі", Шасцёрык з празмерна сур'ёзным выглядам даваў Крумкачу парады, спрытна павучаючы цэлай кіпай перакручаных канонаў аб падтрыманні жыцця[2] накшталт "Ясі больш – рухайся менш". Пры гэтым ён ва ўсю глытаў сліну ўбок бляшанкі з персікамі, і нарэшце нерашуча прашаптаў:

– Я памятаю, ты не любіў салодкага…

Праўда ці не, розніцы не было. Хаця Крумкач не вельмі ўхваляў, каб Шасцёрык еў больш, ён таксама не мог зрабіць такога злачынства, як з'есці ўсё аднаму наўпрост перад дзіцячымі вачыма. У выніку, больш паловы бляшанкі апынулася ў страўніку маленькага хлопчыка.

Малыш, трымаючы ў руках кансерву, залпам дапіў сіроп, перад тым як неахвотна пайсці за момо.

У шпіталі стала ціха. Крумкач гуляўся з пустой бляшанкай, раздумваючы над словамі містара: яго пакупнік, так званы "паверхневы чалавек" гучаў як дурны чалавек з вялікімі грошамі. У асноўным, толькі гультаі з вышэйшага класу падабаюць "хваравітых ды кволых".

Хто такія гэтыя "паверхневыя людзі"? Увешаныя золатам і срэбрам заможныя пацукі?

Магчыма, і не пацукі.

У лаянцы містара ўвесь час прысутнічалі "коткі". Паўтараметровы містар пацук наўрад ці бы апусціўся да ўзроўню пяцікілаграмовых кацянят. Так што, калі ёсць людзі з пацучай галавой, то гэтыя "коткі" – хутчэй за ўсё людзі з катовай галавой і ростам у метр восемдзесят.

Гэта ўсё мусіла быць элементарнымі ведамі, але Крумкач іх не меў, таму толькі і мог, што "глядзець на неба са дна калодзежа[3]", і рабіць здагадкі па той малай колькасці падказак, што ён меў перад вачыма. На шчасце, у яго праблемы з галавой, і ў ёй не працуюць шмат функцый: напрыклад, у такім становішчы, дзе ён нічога не ведае і не разумее, ён не адчувае ні турботнасці, ні збянтэжанасці, наадварот, усё навокал падавалася дзівосна свежым.

 

Вельмі хутка ён высветліў, што быць скацінай вельмі зручна, асабліва любімай гаспадаром скацінай. Ніякага табе KPI[4], ніякіх "996[5]". Толькі і робіш, што лындаеш ад раніцы да вечара з перапынкам на ежу. Проста-ткі боскія ўмовы.

Адзінае што, харчаванне падкачала – у шпітальнай палаце было "самаабслугоўванне": ежа ляжала ў шафе ў куце пакою, прагаладаўся – бяры сам.

Іх звычайным абедам было маленькае печыва, падобнае на корм для сабак, мяккае і вільгатнаватае, быццам праляжала дні тры пад адкрытым небам у цёплым і волкім месцы. Не дзіўна, што ў момо няма жавальных мышцаў, з гэткім-та рацыёнам.

Даглядчык таксама не вельмі сур'ёзна падыходзіў да сваёй працы: печыва з рознымі смакамі было перамешанае ў адным пластыкавым кантэйнеры, што салёнае, што салодкае. Увозьмеш жменю, засунеш у рот – а там усе чатыры смаку: вострае, бананавае, ванільнае, нават з ялавічынай – вельмі арыгінальна аб'ядноўваліся выпадковым чынам.

 

З кожным разам, што ён жаваў сабачы корм, пашана Крумкача да Шасцёрыка падымалася ўсё вышэй і вышэй. Ён не мог зразумець, як гэтае дзіця на гэткай штуковіны нагуляў столькі мясца.

Падчас свайго знаходжання ў шпіталі, Крумкачу вельмі не даставала Шасцёрыка. Малыш быў як жывы рухомы аўтаадказчык, якое пытанне не прыдумай – усё мог патлумачыць. Аднак хлопчык больш не прыходзіў, затое момо і містар Чарльз наведваліся штодня.

"Момо" хутчэй за ўсё было пасадай, а як яе клічуць на самой справе ён не ведаў.

Спачатку ён думаў, што "Крумкач" і таму падобныя звароты – гэта празванне, але цяпер, высветліўшы сваё становішча, зразумеў, што гэта мянушкі жывёл.

Момо з містарам Чарльзам прыходзіць раз на дзень і старанна наводзіць парадак. Крумкач кожны раз горача яе вітае, але, насамрэч, ніяк не можа ўявіць яе ў якасці сваёй маці. Яму пастаянна здавалася, што ягоная душа на некалькі гадоў старэйшая за яе… Хаця нават калі не казаць пра яго распухлую душу, ва ўзросце момо, у яе не можа быць такога дарослага сына, як Крумкач.

Ідэя ранняга раблення патомства сярод жывёл некалькі перабольшана.

Пры містары Чарльзу, момо была нібы бяздушны чалавек-інструмент. Варта было містару выйсці, як яна адразу халодна "ўваскрасала". У яе былі вялікія вочы ў глыбокіх вочных ямінах. Часам, Крумкач мог адчуць, як яна маўкліва глядзіць на яго з цёмнага месца. І выраз ейных вачэй быў больш загадкавы, чым спіс інгрэдыентаў на кансервавых бляшанках… Не ў крыўду кансервам.

Містар Чарльз прыносіў яму кансервы для перакусу. У большасці сваёй фруктовыя, але часам трапіліся з мясам ці зерневыя. Кожны раз ён пакідаў пасля сябе мноства бляшанак усіх адценняў і колераў. Крумкач не мог размаўляць перад іншымі жывымі істотамі, таму яму заставалася плявузгаць толькі з гурманкамі-мадэлямі на рознакаляровых бляшанках.

Ягонае цела было кволым, як высахлае часночнае шалупінне. Увесь дзень ён бавіў у паўзабыцці, і толькі падчас ежы некалькі прыходзіў у сябе. Нягледзячы на гэта, ён паспяхова знайшоў сабе трох сябровак для балбатні самім з сабой, а дзве нават сталі названымі сёстрамі.

Хаця склад сяброўскіх кансерваў быў даўжэйшы за рост містара пацука, прынамсі адчуванні ў роце ад тэкстуры былі лепш, чым ад "сабачага корму", за што Крумкач быў ім крайне ўдзячны. Да таго ж, ад доўгага спісу інгрэдыентаў таксама была свая карысць: параўнаўшы смак і якасць розных бляшанак, апроч асноўных "вада", "цукар" і "антыбіётыкі", Крумкач зрабіў выснову, як пішуцца шматлікія харчовыя дабаўкі.

У складзе не ўказваліся калорыі, затое пісаліся колькасці кожнага інгрэдыенту, што дазволіла яму авалодаць метадам запісу лічбаў і сістэмай вымярэння.

Цікава, што, насуперак чаканням, лічбы былі з дзесятковай сістэмы лічэння.

Гэта не супадала з яго першапачатковай высновай пра васьмярычную сістэму. Інакш кажучы, васьміпалыя пацукі хутчэй за ўсё не былі валадарамі гэтага свету.

Што яшчэ цікавейш, Крумкач раней думаў, што ён абсалютны разумова адсталы аптыміст, але паварушыўшы мазгамі, нечакана знайшоў веды, з якімі не цяміў, што можна зрабіць, – ён вельмі шпарка лічыў і ведаў вельмі шмат хіміі, звязанай з харчовай прамысловасцю.

 

Ён, здаецца бы, малапісьменны, але зусім мала.

Пражыўшы некалькі дзён у шпіталі, не адрозніваючы раніцы ад вечароў, Крумкач адчуваў сябе ўсё больш ачарсцвелым.

Галоўнае, каб у містара Чарльза былі добрыя зубы, інакш ён мог бы сцерці свае ўстаўныя.

Гэта быў недзе дзень чацвёрты-пяты, калі, прачнуўшыся, Крумкач нарэшце адчуў немалую лёгкасць у целы і нават змог зрабіць тры кола па халупе, не пераводзячы дыханне.

Па меры яго ачуньвання, да яго вярталася нейкае знаёмае і дзіўнае пачуццё.

 

Быццам чалавек з пераломам, з нагі якога толькі знялі гіпс: усе запчасткі – свае ўласныя, інстынкт хаджэння усё яшчэ пры ім, аднак рабіць першыя крокі ўсё роўна пачуваецца неяк дзіўна.

Ён крыху паадчуваў, потым даверыў гэтым нябачным "нагам" валачы сябе, пакуль не дайшоў да шафы з "сабачым кормам"

 

– Паглядзім-ка… Што ты хочаш мне сказаць, стары сябар?

Паміж драўлянай шафай і паверхняй зямлі была шчыліна дзесьці на 5 сантыметраў. Звонку не было нічога бачна, але Крумкач чуў, як нешта кліча яго знізу.

Ён засунуў лыжку на доўгай ручцы, якой еў кансерваваныя фрукты, пашурудзіў трохі і выцягнуў клубок шарсцяной пражы. Прыглядзеўшыся ўважлівей, можна было разглядзець недавязаную ляльку, з ужо звязанай галавой, але няскончаным целам. Выглядала трошкі жудасна.

Гэта яшчэ навошта? Калоць людзей? Кагосьці праклінаць?

Пакуль ён стаяў, не разумеючы, сонечнае спляценне Крумкача рэзка пачало пульсаваць, левую вачніцу злёгку апаліла, а ў самым воку пацямнела.

Пад цьмяным святлом лямпаў, яго левая зрэнка павольна змяніла форму на шасціканцовую зорку і пачала вярцецца на райку… усё хутчэй і хутчэй—

Правым вокам ён усё яшчэ бачыў тут і цяпер, пусты цёмны пакоік і дзіўны клубок брудных нітак, але ў левым воку гэтыя выпацканыя да чарнаты ніткі пакрысе скідвалі пыл, вяртаючыся да свайго першапачатковага блакітнага колеру, а яшчэ паказваючы маленькія чорныя адпячаткі пальцаў паверх сябе.

 

З адпячаткаў "вырасла" паўпразрыстая ручачка, за ёй перадплечча, цела, шыя… Не прайшло і секунды, як перад ім стаяла дзяўчынка гадоў сямі.

Левым вокам Крумкач бачыў, як малышка штосілы рухалася да водаправоднай трубы.

Хвароба пакінула ад яе адну толькі скуру з касцямі, на кожны крок сыходзілі ўсе сілы. Яна, пэўна, вельмі сасмягла, упёртыя на кран вочы ўжо расфакусаваліся, але маленькія ручкі ўсё яшчэ настойліва цягнуліся наперад. Раптам, дзіця аб нешта спатыкнулася, згубіла раўнавагу і ўпала.

 

Крумкач падсвядома працягнуў рукі, але схапіў толькі паветра. Яго рукі прайшлі скрозь цела дзяўчынкі.

Ён толькі і мог назіраць, як маленькая істота капашылася з апошніх сілаў, пакуль канчаткова не перастала рухацца.

 

У гэты час, крумкачынаму целу цалкам перадаліся адчуванні дзяўчынкі. Скроні імгненна пакрыліся халодным потам, скура, і так без румянцу, пабялела яшчэ больш. Аднак ён не рухаўся, распазнаваў гэтае пачуццё ўдушша ад недахопу кіслароду. Па ўсіх прыкметах, дзяўчынка памерла ад прыроджанага пароку сэрца.

 

Карцінка ў яго левым воку застыла, і, ужо знаходзячыся ў свеце памерлых, дзіця імкліва працягнула да яго рукі.

Крумкачу не трэба было ніякіх указанняў. Ён інстынктыўна злавіў іх. Гэтым разам ён не прамахнуўся, і скрозь час і прастору сутыкнуўся са знаёмай смерцю.

 

Пераплеценыя рукі жывога і памерлай ахінуў цень. Крумкач крыху нахіліў галаву і ў левым вуху прагучаў сіплы дзіцячы голас:

– Падарунак Вялікаму Містару Чарльзу яшчэ не скончаны.

Крумкач уздыхнуў.

 

Смерць быццам патухлая лямпа, нябожчыкі размаўляць не ўмеюць, і гэтая фраза – толькі рэха апошняга наказу, якое яна пакінула ў свеце, шматразова паўтараючыся ў крумкачыных вушах.

– Добра, – Крумкач лёганька сціснуў яе руку, – гэта не складана, я скончу яго за цябе.

Словы ўпалі, ахінуўшы іх рукі цень ператварылася ў чорны кантракт, які цалкам акунуўся ў сярэдзіну яго далоні. Крумкач раптам апынуўся ў свеце жывых, і ў яго левым воку зніклі прывідныя вобразы, а зрэнка вярнулася ў папярэдні стан, і цень нябожчыцы бясследна растаяла.

Крумкач сціснуў далонь, няясна адчуваючы, што ў гэтая рука сціскала шмат падобных кантрактаў. Ён паспрабаваў успомніць, але, як і раней, у яго нічога не атрымалася.

Папярэдняя глава

Змест

Наступная глава


[1] Спосаб узнагароды дзяцей у кітайскіх дзіцячых садках і школах.

[2] Рэальная кніга, зборнік старажытных парад і трактатаў аб захаванні здароўя.

[3] 坐井观天 [zuòjǐng guāntiān] – мець абмежаваны кругагляд, не бачыць далей канца свайго носа.

[4] KPI – ад англ. key performance indicators, ключавыя паказчыкі эфектыўнасці – "гэта лікавыя паказчыкі дзейнасці, якія дапамагаюць вымераць ступень дасягнення мэт або аптымальнасці працэсу, а менавіта: рэзультатыўнасць і эфектыўнасць. KPI  – інструмент, які дазваляе кантраляваць і ацэньваць працу людзей, груп, падраздзяленняў і кампаній, а таксама дазваляе дапамагчы ў ацэнцы рэалізацыі стратэгіі". © Вікіпедыя

[5] Незаконная сістэма працы ў Кітаі, калі працаўнікі пачынаюць а 9:00 раніцы, скончваюць а 21:00 вечара, 6 дзён на тыдзень.

Comments

Popular posts from this blog

CBEM - Пралог

Беласнежны дэман/CBEM/Pure White Devil/纯白恶魔

CBEM - Дзіўны новы свет (4)