CBEM - Дзіўны новы свет (3)
Дзіўны новы свет (3)
Рукі Крумкача былі не надта ўмелымі. На шчасце, папярэдняя ўласніца клубка таксама не была майстаркай рамеснага мастацтва.
Вось так незразумелая блытаніна з нітак ператварылася ў маленькага пацука, яму ўдалося разгадаць творчую задуму дзяўчынкі і маток неўзабаве ператварыўся ў скончаную ляльку вуду.
Тым жа вечарам, Чарльз, які прыйшоў правесці ўрачэбны агляд, атрымаў ад хворага падарунак.
Містар Чарльз быў вельмі здзіўлены, бо з узроўнем інтэлекту Крумкача, каб зрабіць такую рэч, трэ ўкласці ўсю душу і мноства намаганняў. Ён расчуліўся да крайняй ступені, ажно затанчыў па шпіталі, трымаючы дзіўную ляльку, а ад пракляцця вуду ў яго выпала некалькі сівых валасін.
Момо не ўдзельнічала ў цёплых узаемаадносінах гаспадара з гадаванцам, толькі шаргатала збоку, выціраючы падлогу.
З шолахам з цэнтра далоні знік бесцялесны кантракт. Ён выканаў апошняе жаданне нябожчыцы і адначасова з гэтым атрымаў дар ад памерлай.
Крумкач ўспомніў, што ягонае левае вока можа звязвацца з нябожчыкамі.
Невядома чаму, але ён ніколькі гэтаму не здзівіўся, быццам так і мае быць. Яму нават натуральным чынам успомнілася і назва гэтага левага вока.
Яго ўнеслі ў архівы пад назвай “Рабаўнік магіл”… Аднак у якія канкрэтна архівы яго ўносілі?
Ну годзе, яму не ўспомніць.
"Рабаўнік магіл" – хаця гучыць не вельмі прыемна, быццам не навуковая назва, а абвінавачванне ў злачынстве, але гэты ўспамін падняў у крумкачовай душы цьмяную настальгію.
Праз гэтае вока ён, здаецца, атрымаў мянушку – нехта некалі прыватна клікаў яго "Белым Дэманам".
Спакуснік Фаўста Мефістофель калісьці паквапіўся на чалавечую душу і, прапаноўваючы здзяйсненне нікчэмных людскіх жаданняў як прынаду, запрасіў высокую цану.
"Белы Дэман" жа жыве ў людскім свеце і запрошвае рэчы ў нябожчыкаў — пакуль у тым месцы, дзе сканаў памерлы, яшчэ засталіся яго прыжыццёвыя сляды, хаця бы адпячаткі пальцаў, ён можа выкарыстаць іх як мост, зазірнуць у запіс іх смерці і апошнюю волю.
А здзейсніўшы гэтую апошнюю волю, ён мог атрымаць ад нябожчыкаў тое, што "не прынесена з нараджаннем і са смерцю не забярэцца".
Што жа да атрыманага…
Сказаць складана. Гэта заўсёды непрадказуема, да таго ж не залежыць ад складанасці задання — калі пашанцуе, ён атрымае нейкі карысны навык, напрыклад, вязанне швэдараў, а калі не пашчасціць, памерлыя могуць пакінуць яму ў спадчыну нешта кшталту "бяссоння", ад чаго яму толькі і застанецца адмаўляцца з лаянкай.
Карацей кажучы, хаця ўсё гэта здзелкі па абмену "жадання" на ўзнагароду, аднак сапраўдны дэман – гэта капіталістычныя шкурадзёры і смактальшчыкі мозгу. А ён, гэты "Белы Дэман" – проста працоўны сабака, якога несумленныя замоўцы выкарыстоўваюць, каб пакрыць свае даўгі.
Невядома, пра што думаў чалавек, які даваў яму мянушку, але Крумкач лічыў, што "Белы" ў ёй дакладна ад "Марнавання"[1].
Яго ўменні хутчэй усяго спатрэбіліся бы паліцыі для расследавання спраў аб забойствах, але хто ведае, ці існуе тут наогул крымінальны кодэкс.
Дык вось, чым расплацілася дзіця па імені "Снежка" ў гэты раз?
"Пачакайце-ка", – Крумкач зрабіў паўзу, – "Снежка?"
Нешта зразумеўшы, ён павярнуў галаву ўбок момо. Варта было пабачыць чалавека, як у галаве само сабой усплыла імя: Графіня.
Ён адразу зразумеў, чым была гэтая "плата за паслугу".
Гэта быў дар, ад якога Крумкач не меў спосабу "адмовіцца" – веды.
Бо веды – гэта пракляцце, невылечная хвароба, якой варта адзін раз заразіцца, і больш ніколі не зможаш вернуцца ў стан "няведання".
Гэтае дзяўчо Снежка не паспела змяніць і малочных зубоў. Яна, ледзьве ступіўшы ў гэты свет, адразу яго пакінула, таму і веды мела вельмі абмежаваныя, не на шмат больш, чым у дурня Крумкача: яна пазнавала людзей навокал і ведала іхнія імёны. Цяпер яна шчыра дарыла яму ўсё, што ведала пра гэты свет.
"А вось гэта была добрая здзелка" – падумаў Крумкач.
Таму наступныя некалькі дзён ён кружыў па шпіталю "падпрацоўваючы".
На жаль, ён не знайшоў таго, што ён мог бы зрабіць.
Большасць хворых, што памерлі ў "ягадным шпіталі", была дзецьмі, якія яшчэ не дасягнулі ўзроста разумення пакут чалавечага жыцця – "народзінаў, старасці, хвароб і смерці". Перад смерцю яны думалі як выратавацца, аблегчыць боль і хутчэй ачуняць. Бескарысны Белы Дэман пры ўсім жаданні не мог ім дапамагчы.
Яшчэ быў адзін памерлы, які папрасіў песню, пра якую вялікі ідыёт ніколі не чуў, таму і спець не мог. Яшчэ хтосьці хацеў кансерваваных апельсінаў, Крумкач паспрабаваў з'есці іх замест яго, але заказчык не згадзіўся і місія зноў правалілася.
На шчасце, Крумкач ніколі ў жыцці не меў ніякай годнасці, таму лёгка згадзіўся здацца. Ягонае чалавечае… ягаднае жыццё мела толькі два прынцыпы: адно – "добранька", другое – "нельга? Ну і хай так".
Праз гэта, хаця ён і трываў паражэнне за паражэннем, ён па-ранейшаму не прымаў вельмі да душы, і кожны дзень легкадумна толькі еў ды бавіў час.
Яшчэ пасля трох-чатырох дзён у "шпіталі", спадар аб'явіў Крумкача ачуняўшым і здольным выпісацца. Потым стары самастойна павалачыў Крумкача па вузкай сцежачцы ля ўваходу ўбок чуць меншых дзвярэй.
Нягледзячы на тое, што шпіталь быў прымітыўнейшы за свінарнік, абарона ўвахода і замкі былі прасякнуты высокімі тэхналогіямі.
Крумкач разгублена шоў за спадаром і спыніўся перад дзвярыма, адчуваючы сябе так, быццам ступіў з сярэднявечнай халупы прыгоннага на здымачную пляцоўку "Інтэрстэлара".
Як толькі спадар спыніўся, дзверы выпусцілі чырвоны промень, які прасканаваў усё ягонае цела, і пасля пстрычкі яго асоба прайшла праверку, чырвонае святло змянілася зялёным і невялічкія дзверы аўтаматычна расчыніліся.
Крумкач глядзеў паверх макаўкі спадара, але з расчараваннем знайшоў па той бок дзвярэй ранейшыя высокія турэмныя сцены і цэментную сцежку.
За няйменнем пейзажаў, Крумкачу заставалася толькі разглядваць спадара, які ўказваў дарогу.
Хаця іхнія канечнасці былі нашмат дужэйшыя чалавечых, аднак пацукалюдзі таксама былі прамаходзячымі. А прамое хаджэнне нясе з сабой няшчасце.
Цаной вызвалення двух рук было тое, што на хрыбет, асабліва на шыйны аддзел, аказваўся гіганцкі ціск. Таму шыю пацукалюда куды лягчэй зламаць, чым шыю сапраўднага пацука такога жа памеру.
Акуляры для блізарукасці містара маюць функцыю зацямнення, нават для цьмянага штучнага асвятлення падземнага горада… Невядома, гэта праблема самога містара ці ўсіх пацукалюдаў.
Калі апошняе, то хутчэй за ўсё ў іх, як і ў сапраўдных пацукоў, святлабоязь і кепскі зрок, а вялікія вушы і выцягнуты нос выкарыстоўваюцца як замена органаў зроку. Тады… грамадскае асвятленне падземнага гораду наогул не ўлічвае фізіялагічныя патрэбы пацукалюдаў.
Крумкач апусціў вейкі, ягоныя вочы бліснулі…
Калі так, то не гаворачы ўжо пра тое, што на паверхні дамінуюць зусім не пацукі, нават пад зямлёй статус вялікіх спадароў не такі ўжо высокі.
У гэты момант, паблізу раздаліся гукі музыкі і крокаў. Падняўшы галаву, Крумкач адразу пабачыў як з-за вугла выйшаў насустрач яшчэ адзін пацук у вялікім шыракаполым капелюшы.
Невядома, ці то для арганізацыі шпацыру, ці то для чагосьці яшчэ, у кіпцюрах "Шыракаполага капелюша" быў губны гармонік, і яна падчас хады грала вясёлую народную песеньку. Сем-восем тлусценькіх малышоў крочылі за Капелюшам, нібы навароджаныя качаняты, паўторваючы кожны рух.
Усе ўкормленыя дзеці былі вельмі шчаслівыя, уключаючы і Шасцёрыка.
– Дзядзя[2] Чарльз, – пабачыўшы іх, Капялюш адразу апусціла гармонік, павітала Чарльза і працягнула сваю махнатую лапку, каб лёганька пацягнуць Крумкача за валасы, – І табе вітанкі, маленькая феячка.
Крумкач маўчаў з поўным мудрасці тварам — мянушак станавілася ўсё больш і больш, хутка ён і не запомніць іх усе.
Як толькі ён пабачыў махнатую пыску Шыракаполага Капелюша, яго галава адразу ўзброілася ведамі, пакінутымі малышкай Снежкай. Крумкач імгненна зразумеў, што імя гэтай пацучкі — "Сафія", пляменніца містара Чарльза.
Ува ўсіх пацукалюдаў вельмі пранізлівыя галасы, постаці таксама амаль аднолькавыя, і, насамрэч, на думку Крумкача, у іх, як і ў сапраўдных пацукоў, ніводная часціна цела не патрабуе пікселізацыі, бо і так незразумела самец гэта ці самка.
Але цікавым было тое, што іхняе адзенне і манера паводзін мелі відавочныя гендарныя адрозненні, "Капялюш", міс Сафія, насіла сукенку, і, пабачыўшы містара, прыпадняла край падола і павіталася старажытным рэверансам.
У міс Пацук кароценькія ручкі, якія не дастаюць проста так да ўласнага падола для рэверансу. Таму яна спачатку нагіналася і падцягвала з аднаго боку, потым падбірала з другога. Калі ёй калісьці сустрэнецца шмат знаёмых адначасова, ёй прыйдзецца пад хруст паясніцы бесперапынна нагінацца. Крумкач уявіў і адчуў, што гэткая карціна падобна да падзякі пачцівага сына родным і блізкім на паніхідзе па бацькам.[3]
Гэты ненатуральны спосаб апранацца і рухацца не падобны да вынаходства саміх пацукалюдаў, а больш да запазычаных перажыткаў нейкай чужой культуры.
Крумкач схіліў галаву, каб паўтараметровай міс у шыракаполым капелюшы было зручнейш гуляцца з яго валасамі. Ён падумаў аб загадкавай дзесятковай сістэме злічэння на кансервавых бляшанках, і накідаў у галаве прыкладныя абрысы гэтай невядомай і магутнай культуры: вельмі падобная да чалавечай, але дакладна не чалавечая. У рэшце рэштаў, нават пацукі не будуць захапляцца ўласнаруч выгадаванай скацінай. Кансервы, якія можа спажываць чалавек, маюць спіс інгрэдыентаў, але не маюць харчовай каштоўнасці, што можа азначаць, што рацыён гэтай чалавекападобнай расы кардынальна адрозніваецца.
Да таго жа сацыяльны строй вельмі феадальны.
Ён акінуў позіркам падземны горад, думаючы пра сябе: "Што ж гэта за пачвары?"
Адносіны паміж дзядзькам і пляменніцай былі вельмі цёплымі, містар пахваліў яе, што яна вярнулася дадому займацца сельскай гаспадаркай адразу, як скончыліся заняткі ў школы.
– Я ўсё роўна люблю гэтых малеч, – радасна сказала Капялюш, – калі б не статус "надземнай", навошта мне тая катовая вучоба? Я вярнулася раней, каб дапамагаць табе з фермай.
– Кот цябе дзяры, не мацюгайся, – Чарльз любоўна паляскаў па спіне Капялюш, – Йдзі хутчэй, ужо канец года, ты хочаш стаяць у чарзе?
Шыракаполы Капялюш высунула язык, зноў падняла гармонік і паклікала карапузаў ісці.
– Бывай, Крумкач, – Шасцёрык пасярод групкі памахаў Крумкачу рукой.
– Бывай, Крумкач!
Астатнія дзеці таксама закрычалі і пабеглі з подскакам, каб дагнаць Капялюш.
– Якая здольная дзяўчынка, – містар задаволена глядзеў на спіны пляменніцы і малышоў, – якія жвавыя бройлерочкі.
Дагаварыўшы, ён павысіў свой вісклівы голас, і паўторваючы напаўзніклым гукам гармоніка, запеў жыццярадасную песеньку:
"Тут ніколі няма сонца,
Люлі-люлі-люлі-лю
Тут вада цячэ бясконца,
Люлі-люлі-люлі-лю
І шчаслівы ягаднік,
Люлі-лю люлі-лю
Падлічае ягадкі,
Люлі-лю люлі-лю
Йдзе насустрач мне дзяўчына,
Люлі-ля люлі-ля
Усміхнуся я ёй міла,
Люлі-ля люлі-ля".
Крумкач прытупваў у такт "люлі" і хістаўся, а спадар усё больш і больш разахвочваўся, матляючы вялікім азадкам, нават нялоўкім рухам збіў Крумкача з ног.
Усё жыццё намагаючыся быць паўсюль першым, Крумкач вярнуў сабе ўстойлівасць і зараз жа адказаў аналагічным жэстам.
Гэтая пара ганебных гаспадара і скаціны паглядзела адзін на аднаго, і раптоўным чынам нарадзілася нейкага роду міжвідавая маўклівая згода, і яны пачалі танцаваць "падлюлюкваючы" разам.
Папеўшы ды паскакаўшы цэлых дваццаць метраў, непрыгодныя для выкарыстання сэрца і лёгкія Крумкача перагрузіліся, і больш не маглі падтрымліваць яго вольналюбівую душу. Ён у нязгодзе прыпыніў танец, і з галавакружэннем і мітуснёй у вачах, абапёрся на сцяну.
І прыгнятальная сцежка таксама падышла да канца. Яшчэ адны высокатэхналагічныя дзверы павольна расчыніліся.
Крумкач сціснуў горла, зглытнуў захраслую ў глотцы рыбную салодкасць, разагнаў зорачкі перад вачыма і ясна пабачыў гмах за дзвярыма.
"Вашую… котку…" – уздыхнуў ён пра сабе, падладзіўшыся пад мясцовыя звычаі.
Пранізлівыя спевы спадара Чарльза раскатваліся сярод навакольных сценаў, быццам слабая хваля па стаячай вадзе.
Высокія сцены грамадзіліся ў некалькі слаёў, атачаючы гіганцкіх памераў "куратнік" у трынаццаць-чатырнаццаць метраў ды 8 паверхаў.
Вышыня паверхаў пасля першага не перабольшвала паўтары метры. Яны не мелі ні дзвярэй, ні вакон, толькі драцяную сетку, якая падзяляла прастору на шчыльна набітыя маленькія адсекі. На кожным паверсе такіх адсекаў было каля дваццаці, і кожны быў запоўнены пяццю-шасцю дзецьмі, падобнымі да Шасцёрыка — па ўзросце не старэй за сем гадоў, па таліі не меншыя за тры чы.
Пачуўшы шум, дзеці адзін за другім прыціснуліся да драцяной сетцы падзівіцца. Рысы твараў, набрынялыя тлушчам да непазнавальнасці, былі на дзіва аднолькавымі.
Высокая сцяна, што атачала "куратнік", спалучалася з першым паверхам і выходзіла на двор.
Першы паверх быў некалькі папрасторнейш, вышынёй набліжаючыся да двух метраў, амаль дастатковы, каб ледзь-ледзь умясціць у сябе дарослых людзей, аднак усё роўна даволі прыгнятальны. Большасць жыхароў гэтага паверха знаходзіліся на двары.
На двары была зачыненая жалезная агароджа, якая падзяляла яго на дзве прасторы: вялікую і маленькую.
У вялікім двары пражывала каля дваццаці жанчын, старэйшым было гадоў пад трыццаць-сорак, але было і некалькі толькі дасягнуўшых падлецтва дзяўчынак, якія яшчэ нават не скончылі расці.
Яны ўсе альбо былі цяжарнымі, альбо кармілі грудзямі. Момо Графіня таксама была сярод іх, паліваючы з простай душавой лейкі жанчыну, якой яўна хутка быў час народжваць. Жанчына пад вадзяной завесай спакойна стаяла пасярод двары, і нават павіталася з усмешкай:
– Крумкач, ты вярнуўся, ужо ачуняў?
За выключэннем Крумкача, усе астатнія жывыя істоты, што людзі, што пацукі, не адводзілі вачэй, быццам гэтая сітуацыя была цалкам нармальнай.
Некаторыя жанчыны мыліся самі, некаторыя купалі сваіх дзяцей, былі тыя, хто сабраліся перакінуцца жартачкамі ў невялічкія групкі, былі і тыя, хто шпацыраваў сам па сабе. Усё гэта перапляталася з дзіцячым лепетам, ствараючы радасную і поўную жыцця атмасферу, якая ні ў якое параўнанне не йшла з маленькім дворыкам па той бок жалезнай агароджы.
Маленькі дворык мусіў быць "мужчынскім гуртажыткам".
Усяго два-тры квадратных метры, нават "дваром" нельга назваць, больш нагадвае маленькую клетку.
У бягучы момант, у "мужчынскім гуртажытку" быў толькі адзін мужчына сярэдніх гадоў. Рысамі твару ён змахваў на метыса. Ён быў вельмі прыгожы, але праз худзізну як у трупа памерлага ад голаду, выгляд меў трохі моташны.
Мужчына свяціў голай спінай, а ніжняя частка цела была абгорнутая ў кароткую спадніцу з дзіўным узорам. Ён ляжаў у клетцы пад святлом лямпаў, вочныя яблыкі нерухома вылупіліся ў "неба", і са ўсяго цела толькі рэбры ледзьве-ледзьве паднімаліся ды апускаліся.
Крумкач толькі секунду паглядзеў на гэтага чалавека, а "веды" атрыманыя ад Снежкі падказалі яму, што гэты старэйшы браток яшчэ больш няшчасны, чым ён. У яго нават не было лічбавага коду, усе проста клікалі яго "гэты самец".
– Бесталковая штука, – містар штурхнуў нагой жалезныя дзверы клеткі, – Эй!
"Гэты самец" заставаўся глухім, ягоныя вочы былі ўсё так жа расфакусаванымі.
Містар адчыніў жалезныя дзверы, зайшоў у мужчынскі гуртажытак, і, сціснуўшы нос, паназіраў кароткі час, а потым абвясціў:
– Не ведаю, адкуль свінні ўзялі гэтую танную здыхату, але ён ужо да смерці мне абрыдзеў. Хутка ўжо гэтая падла здохне.
Спевы і галасы заціхлі, жанчыны з вялікага двара з рознымі выразамі на тварах, пабліскваючы вачыма, глядзелі на суседскі бок.
Містар, лаючыся, замкнуў мужчынскі гуртажытак і выйшаў вонкі з тварам, поўным клопату:
– А што, калі ён хворы? Трэ будзе заўтра раніцай як мага хутчэй знайсці кагосьці яго знесці… Цк, і што рабіць з Крумкачом?
Ён крыху абмяркоўваў сваёй вялікай мазгаўнёй з доўгімі сівымі валасамі, а потым выцягнуў з кішэні камбінезона рэч, вельмі падобную да лазернай указцы. Ён націснуў, і блакітным промнем адсканаваў шыю Графіні. Каля соннай артэрыі ўсплыла светлавая плямачка, памерам менш за прышчынак. Пасля ўспышкі, спадар зноў нацэліўся "лазернай указкай" на шыю Крумкача і таксама нешта адсканаваў.
Крумкач дакрануўся да сваёй шыі, адчуваючы, што дзеянні містара нагадвалі "капіяваць-уставіць" — нешта было скапіявана ў Графіні і ўстаўлена яму. Адразу пачуліся загады містара Графіні:
– Хай гэтыя пару дзён Крумкач пажыве з табой. Паклапаціся аб ім як след. Пакуль пакупнік не прыйдзе за таварам, нельга дапускаць яшчэ нейкіх інцыдэнтаў. У вольны час памый яго, а тое ўся поўсць ужо зліплася па пасмах…
Містар замаўчаў, але пасля доўгага вагання, дадаў, быццам скрозь зубны боль:
– Давай яму штодня яшчэ па дзве кансервы зверху. Пакупнік аплаціў харчы і будзе складана патлумачыць, калі ён будзе занадта худы… Ай, у нашыя часы, карміць скаціну даражэй, чым людзей.
Графіня не прамовіла ніводнага слову, толькі кіўнула галавой.
– Калі за Крумкача цалкам заплоцяць, я куплю новага апладняльніка, і гэтым разам абавязкова абяру найлепшы тавар, не дам сябе зноў падмануць. Тады ты выведзеш яшчэ два прыплоду…, – містар спыніўся, выцягнуў свае махнатыя лапы, абмацаў Графіню і тут жа з жалем перадумаў, – не, выведзеш адзін прыплод, а пасля родаў адразу пойдзеш на пенсію, а не то на маёй "ягаднай фермы" не застанецца "аўчаркі", каты цябе бяры… Такі добры стан, такая родаздольнасць, яшчэ гадоў пятнаццаць дзетароднага тэрміну, кот увазьмі…
Містар мармытаў сабе пад нос, аглядаючы разок чалавечую… ягадную загарадзь, прадказваючы даты родаў некаторых цяжарных жанчын, і нарэшце загадаў Графіні "Звінець у званочак, калі што", перад тым як заклапочана сысці.
З грукатам, вялікія дзверы вонкавай сцяны замкнуліся. Некалькі секунд было ціха, а потым зноў падняліся людскія галасы.
[1] Тут неперакладальная гульня словаў. "Белы Дэман" на кітайскай – 白恶魔 [bái èmó], а "марнаванне" – 白瞎 [báixiā]. Дарэчы, навэла называецца 纯白恶魔 [chúnbái èmó], што можна перакласці як "Беласнежны, чыста белы" Дэман альбо, як другое значэнне, "Наіўны, нявінны" Белы Дэман.
[2] Малодшы брат бацькі, калі каму цікава.
[3] Кланяецца ўсім запар. Геніяльнае параўнанне, згодныя?
Comments
Post a Comment