СBEM - Дзіўны новы свет (1)


Папярэдняя глава

Змест

Наступная глава

Дзіўны новы свет (1)

– Крумкач... Крумкач[1]

Нейкае дзіця выла электрадрылю, робячы рамонт вакол яго галавы. Ад гэткага шуму хацелася зарыцца ў зямлю, таму ён адчайна намагаўся зарыць вушы ў пахі.

"Дрыль" неадступна і забойственна гналася за ім, пырскаючы ва ўсе бакі слінай, і гэты "дождж" на пару з "громам" ліліся на ягоныя вушы і вочы.

– Момо[2], сюды! Крумкач варухнуўся! Ён варухнуўся!

Ад гэтага голасу, магчыма, страсянула бы нават спадарожнік, а ўжо яго дрэйфуючая свядомасць тым болей спатыкнулася і загразла ў ягоным чэрапе. Сейсмічныя хвалі, пакінутыя гэтым трасеннем, выплюхнулі слёзы, якія прарваліся скрозь ягоныя павекі. Вочы расплюшчыліся, і на іх адразу абрушыўся незнаёмы дзіўны свет.

Ого, як выразна!

Ён спачатку здзівіўся, а потым разгубіўся: "Гэта ў мяне такі добры зрок?"

Вачамі, якія не хварэлі ні на астыгматызм, ні на нікталопію[3], ён вельмі хутка разглядзеў абстаноўку: гэта была маленькая халупа, не больш за дзесяць квадратных метраў, амаль без святла, з нізкімі дзвярыма і адным квадратным вакном у адзін чы[4]. Дзвярная рама была вузкай і нізкай, і людзям высокага росту пры ўваходзе прыйшлося бы схіліцца ў паклоне. Скрозь убогае вакенца прабівалася крыху цьмянага святла, асвятляючы чатыры голыя сцяны і пусты пакой.

У пакоі быў толькі ён і маленькая пачвара… Чакайце!

Вялікі апухлы мясісты твар набліжалася да яго. Слёзы разам з соплямі ўжо збіраліся ўпасці і дрыжалі на кончыку ягонага носа.

Божухна, гэта што яшчэ за парода?!

Спалохаўшыся, мужчына з небывалай сілай адсунуўся на чы ў пошуках ратавання ад вялікага саплівага носа. Ад гэтага руху ў яго завярцелася і пачарнела ўсё перад вачыма. Ён абхапіў галаву рукамі і намацаў там пучок злямцаванага валосся, па якому павёў далонню ўніз і амаль дасягнуў паясніцы.

"Хто я?"

Мужчына са страсённымі мазгамі глядзеў ва ўсе вочы на рассыпаныя перад імі зорачкі і нічога не разумеў: "Дзе я? Што я раблю? Па якой модзе гэтая прычоска?"

У гэты час дзверы расчыніліся.

На заклік "Майстра дрылі і свердла" адгукнулася жанчына з тазам у руках.

Яе крокі збянтэжана спыніліся ля дзвярэй, але пасля яна як нічога ніякага ўвайшла і адпіхнула майстра дрылі нагой убок.

– Змоўкні і каціся адсюль.

Знешнасці яна была някепскай, нос – носам, вочы – вачыма. Пры сустрэчы з прыгожым супрацьлеглым полам людзям уласціва прыводзіць сябе ў парадак. Таму мужчына адразу скарэктаваў выраз твару, разлічваючы дастойна амыць яе ўсмешкай, але ён яшчэ нават не паспеў агаліць зубоў, як жанчына ўжо абмацала яго мазгаўню.

Нягледзячы на тое, што рукі ў прыгажуні былі невялічкімі, іхнія далоні поўнасцю пакрывалі мазалі працоўнага люду. Ейныя рукі былі настолькі дзівосна моцнымі, што ледзьве не адкруцілі яму галаву.

– Бязглузды дурань.

Прыгажуня схапілася за ягоныя валасы, агледзела разок пустую галаву мужчыны, кінула "Пачакай" і зноў паспешна выйшла.

Мужчына застыў, абамлеўшы, са скудлачаным валоссем. Хаця цела ўжо прачнулася, яго свядомасць усё яшчэ была задурманенай.

Жанчына толькі што не была старой, але ўжо дакладна не юначка.

Ён толькі махнуў позіркам, але адразу адзначыў і яе змораны знешні выгляд, і агрубелыя рукі з дэфарміраванымі суставамі, і патрапанае адзенне. Яе твар, пах і нават манера хады, усё ясна сведчыла пра жыццё ў галечы і доўгі час заняткаў цяжкай фізічнай працай. Аднак доўгія густыя валасы і прыгожыя роўныя зубы, здаецца бы, гаварылі аб паўнавартасным рацыёне харчавання.

Апроч гэтага, у яе быў маленькі завостраны тварык з мяккімі абрысамі – вузкая ніжняя сківіца, слабаразвітыя жавальныя мышцы, а значыць, яна звычайна ясі ежу, якая лёгка жуецца.

Столькі супярэчлівай інфармацыі, і да таго ж…

"Яна мне хто?"

Відавочна, што яны былі блізкімі, бо дзеянні раней ужо пераадолелі сацыяльную дыстанцыю, але яны таксама не былі інтымнымі, без двухсэнсавасці, уласцівай адносінам мужчыны і жанчыны.

Стоячы ля дзвярэй, яна пазбягала сустрэцца з ім позіркам, хаця і даволі далікатна, быццам бы пагарджаючы ім, але не без пачуцця віны.

Нібыта Пан Дзіньлянь, што ўжо забяспечыла Далана добра заваранай атрутай[5].

"Ды быць ня можа?" – ён збянтэжыўся яшчэ больш, бо заўсёды лічыў, што дзейнічае вельмі тактоўна. "Падалі гарбаты – валі з гэтай хаты[6], падарылі капялюш зялёны[7] – разышліся па-сяброўску на розныя дарогі" – гэта элементарныя ветлівыя паводзіны, якія ён яшчэ ведаў, дык як жа ён мог да такой ступені дакучаць іншым?

Тады яны можа брат з сястрой, якія толькі падтрымліваюць бачнасць добрых адносін, а на самай справе б'юцца за спадчыну?

Таксама не падыходзіць…

Раптам яму прыйшла ў галаву яшчэ адна магчымасць.

Хіба яны не могуць быць дачкой і бацькам?!

Гэта… гэта мае рацыю!

Калі ён расплюшчыў вочы, то адчуў як калоціцца сэрца, паветру не хапае, а ў мышцах няма ніякай сілы. Магчыма, ён лядашчы стары?

Напэўна, бачачы яго няўпэўненасць, непаважлівая дачка якраз маўкліва абуралася, што стары псюк усё ніяк не падохне.

У яго галаве было пуста, як у паветраным балёнчыку, хутчэй за ўсё якраз праз хваробу Альцгеймера!

"Я ўжо такі стары? Напрыканцы жыцця?" – на імгненне ён быў ашаломлены, а потым у яго душы паднялася хваля захаплення.

"Ды няўжо?"

Мірна сканаць у старасці і дэменцыі – гэта даволі рамантычна.

Перажыўшы шмат зім і вёснаў, спачатку вернуцца ў стан бяспамятнага дзіцяці, а потым ператварыцца ў бесклапотнае немаўля. Іншыя сканалі, пакінуўшы толькі свой скураны мяшок, а ён адкіне шчэ і розум… Адзіным недахопам было тое, што ён абцяжарвае сваіх дзяцей, таму ён вырашыў скарыстацца гэтым момантам сённяшняга прасвятлення, каб, не адкладваючы, сысці адсюль куды-небудзь.

Шчасце накаціла так хутка, што ён імгненна сабраў сілы, каб устаць на ногі і адправіцца на ўсе чатыры бакі, але хто б мог прадказаць, што варта яму было выцягнуць руку, як усмешка знікла з яго твару.

“Цк,” – ён утаропіўся на імгненне на сваю ўласную руку і сказаў сам сабе: “Так і ведаў, што такія добрыя справы не па маю душу”.

Гэтая рука, хаця і была ўся ў брудзе, нагадваючы піксельную мазаіку, аднак усё яшчэ можна было разабраць гладкую скуру і мяккую плоць[8]. Зусім не падобна на руку старога.

Толькі што выпрастаны хрыбет зноў вяла панік. Адначасова з гэтым да яго наблізіўся "Майстар дрылі":

– Крумкач.

Ён задумаўся: мяне клічуць "Крумкач"?

Крыху раней ракурс быў жахлівы, але цяпер, седзячы прама, ён мог выразна бачыць, што "Майстар дрылі" быў усяго толькі маленькім хлопчыкам.

Хлопчык быў саплівым, з голай спінай і толькі ў паношаных штоніках[9]. Ён выглядаў, магчыма, гадоў на шэсць ці сем… Складана сказаць дакладна, бо гэтае дзіцяня было празмерна тлустым, гэтага маленечкага чалавечка проста-ткі цалкам заплыла тлушчам.

– Ты так знянацку захварэў, мы ўсе перапужаліся да смерці, – маленькі хлопчык глядзеў на яго, абапіраючыся на край ложку. – Гаспадар тройчы прыходзіў на цябе паглядзець, і нават вылаяў момо. Крумкач, табе лепш?

Крумкач – так як ён сапраўды не мог успомніць, як яго клічуць, мужчына на нейкі час прыняў гэтае найшчаслівейшае прозвішча – адчуваў, што ўсе звароты з рота гэтага малыша аддаюць душком феадальнай зямлі.

– Мгм, – толькі і змог сказаць Крумкач, раптам усвядоміўшы, што і гэтая мова яму таксама незнаёмая.

Невядома чаму, яму здавалася, што гэта не яго родная мова, але ён мог яе не толькі разумець, але і гаварыць, не раздумваючы.

Крумкач зрабіў паўзу і потым вельмі спакойным голасам вымавіў:

– Я прачнуўся, як толькі пачуў, што ты мяне клічаш.

Карапузік не адказаў, толькі вытарашчыўся на яго, шырока разявіўшы рот, быццам бы пачуў, як сабака брэша чалавечым голасам.

Крумкач:

– …

Ён сказаў нешта не так?

Крумкач хацеў было пагладзіць дзіця па галаве, каб змякчыць няёмкасць, але пабачыў на працягнутай руцэ бруд пад пазногцямі. Ён не мог не ўздыхнуць.

– Ёсць вада?

Карапуз – з усё яшчэ разяўленым ротам – ашаломлена падняў руку і ткнуў убок. Крумкач прасачыў за ягоным пальцам, толькі каб пабачыць у куце пакою адзінокую водаправодную трубу, што тырчала са сцяны і была ўся ў плямах ад іржы. На зямлі пад крывашыйным кранам чарнела адтуліна зліва.

Крумкач:

– …

Дызайн без ракавіны, як модна.

Напор быў замалы, але, насуперак чаканням, якасць вады ніштаватая. Побач на сценцы вісела памятая конаўка з нержавейцы, быццам намякаючы, што гэтую ваду можна піць. Крумкач павольна, па сценачцы, устаў, вымыў дачыста рукі, зняў конаўку і паспытаў вады. Не было ніякага прысмаку. Толькі пасля гэтага ён прыхіліўся да водаправоднай трубы і пачаць піць маленькімі глыткамі.

У гэты момант, карапузік апамятаўся:

– Ты-, ты са мной гаварыў?

Крумкач:

– Хіба не?

Карапуз узрушыўся:

– Раней ты доўга-доўга… некалькі дзён мог гаварыць адзін сказ, і ніколі не такі доўгі!

Пачуўшы, Крумкач узрушыўся яшчэ больш за дзіця: я? Такі файны?

Ён глытнуў халоднай вады, каб падушыць шок, пасля чаго ўсвядоміў, што сам зламаў свой жа характар. На шчасце, чула толькі адно дзіця дашкольнага ўзросту.

Ён пачаў вярзці лухту:

– А, ага, мне сапраўды не падабаецца балбатаць, але ў мяне нешта галаву так кружыць і пушыць… Бач, у мяне галава стала больш на два памеры, чым звычайна. Верна, таму мне трэба выпусціць лішнія газы праз рот.

Улічваючы, што адукацыя малечы была на ўзроўні дзетсадаўца, ён і ўпраўду не мог зразумець розніцу паміж кішэчнікам і мазгамі, і, пачуўшы такое, абамлеў.

Крумкач зрабіў выгляд, быццам цісне не скроні.

– Хвароба ўжо дасягнула мозга, я такім чынам атупею…

Карапуз:

– Дык ты ад пачатку тупы!

Крумкач:

– …

Які слаўны хлопчык, які салодкі ў яго раток.

Хлопчык паназіраў за ім трохі і напружыўся:

– Браце Крумкач[10], ты жа не мог, калі падаў, разбіць галаву і паразумнець?

Крумкач таксама напружыўся:

– А што? У вас… у нас вельмі перспектыўна быць тупым?

– Вядома! Як цябе прададуць па высокім кошце, калі ты не тупы! – карапуз захваляваўся. – Пакупнік ужо ўнёс аванс, праз некалькі дзён заплоціць астатняе і забярэ цябе з сабой, а як быць, калі ён вернецца і высветліць, што ты не тупы?

Крумкач зноўку ўразіўся колькасцю інфармацыі, што выйшла з рота хлопчыка: тут яшчэ і людзьмі гандлююць?!

Але які сэнс прадаваць смуродных мужыкоў з непрацуючым мозгам? Дзеля нырак?

Крумкач спытаў:

– Дорага мяне прадаюць? Той… Пакупнік колькі заплаціў авансу?

– Не ведаю, я пакупніка не бачыў, але Гаспадар сказаў, – карапузік сціснуў пальцы архідэяй[11], зрабіў голас вышэй і пачаў ненатуральна дэкламаваць: – "У нашага Крумкача рэдкасныя чорная поўсць ды чорныя вочы, паглядзіце, які ён высокі, які ў яго правільны твар. Ён вельмі спакойны і слаўны дурнічак, тавару лепей не знойдзеце. Нават на паверхні ён бы каштаваў як машына. Менш чым аб трыццаці тысячах і размовы быць ня можа".

Крумкач уразіўся:

– Нічога сабе!

Карапуз сур'ёзна настаўляў:

– Таму табе нельга хварэць і паміраць.

– Я пастараюся, – Крумкач падміргнуў, а потым, намерана панізіўшы голас і быццам сам з сабой размаўляючы, сказаў: – Праўда дзіўна, калі ўсё было добра, чаго я раптам захварэў?

Хлопчык адразу замахаў рукамі ды затупаў нагамі, актыўна жэстыкулюючы, і пачаў тлумачыць. Крумкач з дзіцячага няскладнага апісання вычленіў прыкладную карціну: нешта стала з ім не так мінулым днём, яго пачала ванітаваць усім, што ён еў, а сёння ён быццам бы ачуняў, устаў на ногі, але знянацку ўпаў на спіну. Напэўна, галавакружэнне – гэта наступствы ад удару галавой аб зямлю.

Першая палова аповеду была падобная да харчовага атручэння, але другая была некалькі дзіўнай. Ён чуў пра тых, хто разбіўся ад падзення з аднаго цуня[12], але ніколі – пра тых, чый мозг ад удару адфарматаваўся.

Дзіця:

– Гаспадар таксама не ведаў, што з табой такое, таму загадаў патрымаць цябе ў шпіталі пад наглядам некалькі дзён.

Крумкач:

– …

 

Ён паглядзеў на крывы кран, зірнуў на абшарпаныя нізкія сцены, павольна зрабіў уздых – у нос адразу ўварваліся свежыя пахі каналізацыі.

– Гэта шпіталь?

Не канцлагер?

Карапуз:

– Ага!

Крумкач стрываў мітусню ў вачах, і, пасля прыхіляння да сцяны на доўгі час, нарэшце накапіў дастаткова фізічных сілаў, каб паднімаць ногі, накіроўваючыся да ўваходу ў маленькую халупу.

– Слаўненька, – ён стаяў у дзвярах, аглядаючы наваколле і раздумваючы. – Лепей бы гэта быў канцлагер.

Аказваецца, "цемра" вакол была не праз глыбокую ноч, а таму што гэта была падземная прастора, якая ніколі не бачыла святла. Нядзіўна, што паўсюль патыхае смуродам каналізацыі.

Дзверы халупы ніхто не замыкаў, напэўна таму, што ў гэтым не было неабходнасці. Гэтае месца было абнесена высокімі, вельмі падобнымі да турэмных, сценамі. Уваход меўся толькі праз адзін вузкі праход, даўжынёй недзе ў дваццаць-трыццаць метраў, замкнуты з абодвух канцоў. На сценах халупы радочкам былі намаляваныя нейкія крамзолі, падазрона падобныя да іерогліфаў. Ніводнага з іх ён не пазнаў.

Добрыя навіны: ён не толькі дурны, але яшчэ непісьменны.

Позірк не мог пераадолець высокіх сцен, і Крумкач не ведаў, што знаходзіцца за імі. Навастрыўшы вушы, ён пачуў шум машын, музыку, чыюсьці лаянку… якія бесперапынна гудзелі недзе далёка-далёка, і данасіліся размыта і цьмяна, як агні падземнага горада.

Якія хворыя будуць ачуньваць у зняволенні? Псіхічныя?

Малыш падышоў і пацягнуў яго на сябе:

– Крумкач, не бадзяйся, лепш вярніся і паляжы. Момо пайшла шукаць Гаспадара і хутка вернецца.

Крумкач, пільна гледзячы на высокую сцяну перад вачыма, ціхім голасам спытаўся:

– А хто Гаспадар?

– Гаспадар – містар Чарльз, містар Чарльз – вялікі гарпакрат[13]!

Крумкач:

– …

Гар… Гар-хто?

Гары Потэсла[14]?

– Тады момо? Што за чалавек момо?

– Чалавек? – карапуз з сумневам нахіліў галаву. – Момо не чалавек. Момо – ягада[15].

На ілбе Крумкача выскачылі пытальнікі: што гэта зноў за недарэчны жаргон?

Хлопчык паглядзеў на яго і важна паківаў галавой:

– Бачна, табе сапраўды галаву расперла, калі ты так шмат гаварыш. Але не паразумнеў, цяпер я спакойны.

Крумкач:

– …

Дзякуй табе, ага.

– Няўжо ты заўсёды бачыў момо і Гаспадара разам, і таму падумаў, што яна таксама чалавек? – надзейнае дзіця адразу пачало разломваць і расціраць вялікаму ідыёту[16] інфармацыю: – Не-а, на самой справе, момо такая жа, як і мы, ягада, але палепей. Яна з пароды самак-вытворніц, яна за нас адказвае, мы ўсе ад яе народжаныя!

Крумкач:

– Ты маеш на ўвазе, што яна твая мама?

– Чаго? Не "мама[17]", яна – момо, мо-мо.

У Крумкача падняліся бровы.

У мове, на якой яны размаўляюць, адназначна мусіць быць слова "мама", інакш яно бы не сарвалася з ягонага языка, калі ён хацеў абазначыць "маці". Аднак, малыш, здаецца, не зразумеў, што "жанчына, якая мяне нарадзіла" – гэта і ёсць "мама".

– Ты толькі што сказаў, што вы ўсе народжаны момо? – Крумкач падумаў і зноўку спытаў: – А вы – гэта хто? У цябе ёсць яшчэ браты-сёстры?

Карапуз паміргаў сваймі бязвіннымі маленькімі вочкамі:

– Што такое "платызёстлы[18]"?

Размова як у качкі з курыцай[19].

Крумкач уздыхнуў: размовы з дзіцянятамі сапраўды скарачаюць жыццё. Праўду гавораць, што дапамога младшакласнікам з урокамі выклікае рак.

Нікчэмны дарослы толькі і рабіў, што ўздыхаў, аднак маленькі сябар ніколькі ім не пагарджаў за гэта, і цярпліва працягнуў тлумачыць:

– Не "вы", а "мы", а "мы" – гэта, вядома, і я, і ты, дурненькі Крумкач!

– Добра, мы яшчэ і равеснікі, – Крумкач здаўся перад размовамі з дзіцянём. – Яна мяне нарадзіла? Больш падобна, што я яе нара–...

Ягоныя словы замёрлі, позірк таксама застыў – невядома адкуль па бруднаму вакенцу побач слізганула святло, і ў шыбы адлюстравалася чалавечая фігура.

Ён пабачыў побач з маленькім хлопчыкам змарнелага цёмнавалосага мужчыну. Усё яго цела здавалася пустым, быццам бы ад яго застаўся адзін толькі высокі шкілет. Доўгія валасы віліся бруднымі пасмамі амаль да пояса, хаваючы вельмі падобную да прывіду фізіяномію – яго ўласны твар.

Ён выглядаў вартым жалю, але надзвычай молада, амаль нешта сярэдняе паміж падлеткам і маладым чалавекам.

У галаве бурбалачкай усплыла цьмяная думка: "Хіба не ў гэтым узросце я ўпершыню сустрэўся з Настаўнікам?"

Бурбалачка паднялася вышэй і з гукам "пух" рассеялася, і ён апрытомнеў.

"Настаўнік?" – ён зноў збянтэжыўся. – "Хто гэта? У мяне яшчэ і настаўнік ё? Такі добры настаўнік, так добра мяне вучыў, што я ніводнага слова прачытаць не магу?"

– Чаму момо яшчэ не вярнулася? – хлопчык схапіўся за край сваёй адзежы і высунуў галаву вонкі. – Мне трэба вярнуцца.

– Дарэчы, – Крумкач спытаў яго: – А чаму ты наогул прыйшоў у шпіталь?

– Медыцынскі агляд, – сканфужана вымавіў малыш, быццам бы крыху саромеўся: – мая вага не адпавядае норме.

Сапраўды, гэтаму дзіцю проста некуды станавіцца яшчэ таўсцей.

Крумкач захацеў было суцешыць яго словамі "Ты абавязкова пахудзееш, калі будзеш старанна займацца спортам", але карапуз працягнуў са смуткам:

– На жаль, пакуль я не дасягну стандарту, прыйдзецца працягваць набіраць вагу.

Крумкач папярхнуўся і толькі праз доўгі час яму ўдалося выціснуць пытанне:

– Золатка, па стандартах якога біялагічнага віду трэба яшчэ больш таўсцець?

Хлопчык зморшчыў твар:

– Па стандартах для нас, бройлерных птушанят!

Бройлерных… каго?

Крумкач падумаў і сеў на кукішкі перад тварам карапуза.

– Ты так шмат ведаеш, можаш мяне навучыць?

Дзеці гэтага ўзросту ніяк не могуць стрываць перад лёстачкамі. Малыш, толькі гэта пачуўшы, адразу выпнуў грудзі:

– Ага!

– Як цябе клічуць?

– Шасцёрык![20]

– Шасцёрык?

Як нядбайна, нават горш, чым "Крумкач".

– Я шостая ягада, народжаная момо, таму мяне клічуць Шасцёрыкам. Але іншых шостых ягад ад іншых самак таксама клічуць "Шасцёрыкамі". У на шмат такіх "Шасцёрыкаў", – хлопчык быў крыху незадаволены. – Гэта не так добра гучыць, як твае імя.

– Угу… Тады што такое "бройлернае птушаня"? Я таксама "бройлернае птушаня"? – Крумкач наўмысна пачаў яго пад'юджваць: – Ці ты гэтага не ведаеш?

– Канечне, я ведаю! – карапуз сціснуў кулакі, прымаючы выклік. – Ну… Што такое бройлернае птушаня? Я – бройлернае птушаня! А ты, вядома, не бройлер, дурны Крумкач, як такі худы, як ты, можа быць бройлерам?

Вельмі худы Крумкач:

– …

– Дапусцім, тады хто я, калі не бройлер?

Карапуз Сяо-Ліў:

– Ты самец-апладняльнік!

Крумкач нахіліўся ўбок і ледзьве не знёс створку дзвярэй:

– Пачакай, браточак, ты сказаў, я хто?

Хлопчык:

– Са-мец!

Крумкач адчуў, што ён, напэўна, сапраўды разумова адсталы, бо ягоныя мазгі і ўпраўду былі недастаткова моцнымі. Гэтыя два кароткія склады амаль спалілі ягоныя лобныя долі.

– А! – раптам закрычаў карапуз Сяо-Ліў, – Гэта Гаспадар! Вялікі містар Чарльз тут!

Крумкач зірнуў убок, куды ўказвала дзіця, і пабачыў легендарнага "Вялікага Гаспадара".

Няма за чым было распытваць аб былых справах, ён з першага погляду пабачыў, у чым заключаецца веліч "містара Чарльза" – Ён… Яно было паўметра ростам і абхватам плеч не менш сямідзесяці сантыметраў. Шыі не было, а трохвугольная галава сядзела адразу на дужых плячах. На макаўцы – пара вялікіх вушэй, а паміж імі – некалькі пасмачак шэрага валосся… відавочна, гэта быў вялікі шэры пацук!

Шэры пацук ростам у паўтары метры!

Яно горбілася, прапорцыі ўсяго іхняга цела знаходзіліся паміж чалавекам і пацуком, тлустыя пярэднія лапы былі складзеныя перад целам і кіпцюры на іх адлівалі халодным бліскам.

Нягледзячы на даволі першабытны знешні выгляд, містар быў адзеты вельмі цывілізавана: ён насіў кашулю ў клетачку і джынсавы камбінезон, а на вуглаватай завостранай пысе сядзела пара квадратных інтэлігентных акуляраў, нібы гэта быў пацук-праграміст.

У гэты час Крумкач, нарэшце, развеяў туман у галаве і высветліў свой статус.

– Я племянное быдла, выгадаванае гіганцкім шэрым пацуком, – ён быў уражаны ўсёй сваёй сутнасцю, – дзядулін кіёк, як крута!

Папярэдняя глава

Змест

Наступная глава


[1] У кіт. мове – 乌鸦  [wūyā] – крумкач, варона.

[2] 嬷嬷 [mómo] – нянька, мамка, ці карміцелька.

[3] Курыную слепату

[4] 尺 [chǐ] – кітайская мера даўжыні, роўная ⅓ метра.

[5] Пан Дзіньлянь (кіт. 潘金莲 [Pān Jīnlián]) – гераіня рамана "Кветкі слівы ў залатой вазе" (кіт. 金瓶梅 [Jīn Píng Méi]), аўтар – «Ланьлінскі насмешнік» (кіт. 蘭陵笑笑生 [Lán Líng xiào xiào shēng]), 1610 г., таксама гераіня іншых твораў. Увасабленне вераломнай, пажадлівай прыгажуні і здрадлівай жонкі. Па сюжэце рамана "Кветкі слівы ў залатой вазе", атруціла свайго мужа Ву Далана (кіт. 武大郎 [Wǔ Dàláng]), каб выйсці замуж за прыгажуна-залётніка.

[6] Адзін са звычаяў, які практыкаваўся звычайна сярод чыноўнікаў: напачатку візіту госць і гаспадар атрымліваюць па філіжанцы гарбаты. Аднак яе ніхто не п'е. Толькі калі візіт заканчваецца, абое робяць глыток і развітваюцца. Гэты звычай ператварыўся ў своеасаблівы знак, які паказвае гаспадар, калі візіт ужо доўжыцца занадта доўга і ён стаміўся ад размовы. Для гэтага гаспадар бярэ філіжанку ў руку, каб сказаць госцю, што час ісці. Калі госць таго не заўважыў, слуга гаспадара гучна і выразна абвяшчае: "Цяпер мы развітваемся з госцем". Тады, самае позняе, госць сапраўды мусіць сысці. (Інфармацыя ўзятая з падазроных сайтаў, калі хто ведае больш – калі ласка, падзяліцеся ведамі).

[7] 绿帽子[lǜ màozi] – зялёны капялюш. Пра здраду ў шлюбе. Насіць зялёны капялюш – быць тым, каму здрадзілі.

[8] Пра маладога чалавека

[9] Ці майтках. Мабыць, калі-небудзь даведаемся.

[10] 哥 [gē] – блізкі зварот да мужчыны старэйшага (ці вышэйшага па статусе) свайго пакалення. Даслоўна перакладаецца як "старэйшы брат". Я [Шыс] яшчэ не ведаю, колькі кітайскасці засталося ў гэтым творы, але на момант 140+ глаў ёсць пачуццё, што наогул не засталося. Таму абрала як варыянт "браток/браце"

[11] 兰花指 [lánhuāzhǐ] – (звычайна жаночы) жэст рукі, калі вялікі і сярэдні пальцы кранаюцца адзін аднаго, а астатнія пальцы паднятыя ўверх.

[12] 寸 [cùn] – цунь, кітайская мера даўжыні, роўная 3.33 см.

[13] 哈波克拉特斯人 [hābōkèlātèsīrén] – транслітарацыя гукаў на кітайскай. Іерогліфы ў дадзеным слове не нясуць сэнс, а толькі перадаюць гучанне. Невядома, ці наўмысна гэта зроблена аўтаркай, ці проста супадзенне, але "Гарпократ - грэцкая інтэрпрэтацыя егіпецкага бога Гарпехруці (Гора малодшага), сына Асірыса і Ізіды; бога зімовага сонца , якога паказвалі ў выглядзе голага дзіцяці з завіткам юнацтва на галаве і пальцам правай рукі ў рота (сімвалы дзяцінства). Грэкі не зразумелі гэтага ўмоўнага знака і зрабілі Гарпакрата богам маўчання і асобным боствам" ©Вікіпедыя.

[14] 哈利波特斯拉 [Hālì Bōtèsīlā] – змяншэнне двух словаў: 哈利波特 [Hālì Bōtè] – кітайскі варыянт назвы кнігі і імя галоўнага героя англійскай пісьменніцы Дж. К. Роўлінг., Гары Потэра, і 特斯拉 [tèsīlā] – назва адзінкі вымярэння тэслы, прозвішча Тэсла і кампанія Тэсла. Крумкач проста не расчуў і не зразумеў, што сказаў дзіцёнак і памяняў месцамі некаторыя склады і дадаў свае, каб атрымаць "Гары Потэслу".

[15] 浆果 [jiāngguǒ] – ягада, плод. За малай колькасцю інфармацыі, складана зразумець, якой халеры і чаму.

[16] 掰开揉碎 [bāikāiróusuì] – даслоўна "разламіць і расцерці", у значэнні растлумачыць усё ў дэталях, падрабязна.

[17] Тут выкарыстоўваецца іерогліф 马 [mǎ] – конь, які па гучанні падобны да 妈 [mā] – мама. Сэнсу асабліва замена не нясе, апроч таго, што дзіцё не ведае, што такое мама, але ведае, што такое конь.

[18] У арыгіналы даслоўна Крумкач пытаецца "У цябе ёсць яшчэ старэйшыя-малодшыя браты і старэйшыя-малодшыя сёстры? (兄弟姐妹 [xiōngdì jiěmèi])", а яму адказваюць "Што такое "Мядзведзева дуда"? (熊笛 [xióng dí]). Гучыць падобна на "старэйшы і малодшы браты", але іерогліфы іншыя.

[19] 鸡同鸭讲 [jītóng yājiǎng] – размова качкі з курыцай – гаварыць на розных мовах, не разумець адзін аднаго.

[20] 小六 [xiǎoliù] – маленькі шосты, шасцёрачка. Прэфікс 小 – гэта ласкавы/пагардлівы зварот (да дзяцей ці слуг). Але як паказалі наступныя главы, у гэтай кніжцы пакуль няма традыцыйна кітайскіх імёнаў, таму заместа транслітарацыі Сяо-Ліў, быў абраны пераклад.

Comments

Popular posts from this blog

CBEM - Пралог

Беласнежны дэман/CBEM/Pure White Devil/纯白恶魔

CBEM - Дзіўны новы свет (4)